11 жніўня ў капліцы святой Філамены ў аграгарадку Варона варнянскай парафіі святога Юрыя (Астравецкі дэканат) адбылася парафіяльная ўрачыстасць у гонар апякункі капліцы.
Гістарычны тытул капліцы святой Філамены, якая ў свой час памылкова была запісана ў гонар парафіяльнага касцёла святога Юрыя, быў вернуты дэкрэтам біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча ў 2021 годзе. Ужо трэці год святая Філамена збірае ў гэты дзень у прыгожай каплічцы вялікую колькасць духавенства і вернікаў, сярод якіх шмат гасцей парафіі.
Як паведамляе сайт парафіі, Эўхарыстыю цэлебраваў кс. канонік Юзаф Багдзевіч, пробашч парафіі святых Космы і Дам’яна ў Астраўцы, дэкан Астравецкага дэканату, біскупскі вікарый па справах агульнага душпастырства Смаргонскай акругі Гродзенскай дыяцэзіі.
На пачатку Імшы пробашч кс. Віктар Захарэўскі прывітаў святароў, парафіян і гасцей, якія прыбылі на ўрачыстасць.
Гамілію прамовіў кс. Алег-Антоні Півавар, пробашч парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Ваўкалаце (Докшыцкі дэканат Віцебскай дыяцэзіі), нагадаўшы пра складаны лёс трынаццацігадовай мучаніцы Філамены, пра якую доўгі час ніхто не ведаў. Сёння ж праз заступніцтва гэтай святой тысячы людзей атрымліваюць Божыя ласкі. Капліца пад тытулам св. Філамены – адзіная ў Беларусі, і вернікі варнянскай парафіі ганарацца, што яна знаходзіцца ў маляўнічым месцы – аграгарадку Варона.
Завяршылася ўрачыстасць выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнту і эўхарыстычнай працэсіяй вакол святыні.
Дзякуючы руплівай працы мясцовых жыхароў і падтрымцы пробашча парафіі кс. Віктара Захарэўскага капліца і тэрыторыя каля яе прыгажэюць з году ў год. Прыгажосць прысутнічае не толькі звонку, але і ў душах людзей, слава пра цуды і моц апякункі капліцы разыходзіцца ўсё шырэй.
Вось што думаюць пра ўрачыстасць мясцовыя жыхары:
“Для мяне фэст святой Філамены не толькі шмат значыць як для жыхаркі аграгарадка Варона, але ён і вельмі асаблівы. А асаблівы таму, што маю бабулю звалі Філамена. Я памятаю, як мяне маленькую яна вучыла маліцца. Хоць яна і рана памерла, калі мне было каля шасці гадоў, я заўсёды яе памятаю ў малітве і вельмі ўдзячна ёй за навуку”, – дзеліцца Людміла Сянюць
“11 жніўня – асаблівы дзень для нашай святыні, для ўсёй нашай вёсачкі. Мы, вернікі, годна рыхтуемся да гэтай урачыстасці загадзя, прыходзім да каплічкі і з радасцю працуем, як у родным доме: выкошваем траву, выкарчоўваем кустоўе, пазбаўляемся ад пустазелля. Падчас фэсту з даверам у сэрцы і малітвай на вуснах углядаемся ў абраз святой Філамены, просячы дапамогі ў розных справах”, – кажа Галіна Статкевіч.
“У нашай капліцы з’явіўся цудоўны абраз святой Філамены. Кожны год 11 жніўня ў каплічцы адбываецца фэст. Гэты дзень для мяне асаблівы: свеціць сонейка, усе спяшаюцца да святыні, нясуць з сабой падзякі, прыгожыя кветкі.
Становіцца радасна, калі бачыш, што святая Філамена збірае такую вялікую сям’ю разам. Напярэдадні я стараюся не толькі ўпрыгожыць каплічку разам з аднавяскоўцамі, але і падрыхтавацца да малітвы з чыстай душой, з сэрцам, поўным любові да Пана Бога, праз заступніцтва святой Філамены.
Я вельмі хвалююся, калі бачу, як маладыя людзі моляцца перад абразом, просячы аб нараджэнні дзіцяці. Але веру, што святая Філамена слухае ўсе нашы просьбы, малітвы. Табе, святая Філамена, давяраем наш лёс!” – гаворыць Данута Бараноўская.
“Я вельмі цешуся, што на сённяшняй урачыстасці, як і ў мінулыя гады, сабралося шмат святароў, вернікаў. Сярод прысутных шмат дзяцей, моладзі. І гэта цудоўна, бо на абразе святой Філамены мы таксама бачым вельмі юную дзяўчынку, якая з’яўляецца прыкладам адданасці, сапраўднай веры для кожнага, як і маленькага, так і дарослага чалавека.
Сёння на Эўхарыстыі мы маліліся ў інтэнцыі кола святога Ружанца ў гонар святой Філамены. Таму для мяне сённяшні дзень удвая хвалюючы, важны і асаблівы”, – апавядае Кацярына Драневіч.