15 жніўня, ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, у Дудах (Іўеўскі дэканат) адбыўся традыцыйны фэстКасцёл на Беларусі мае багатую рэлігійную, духоўна-культурную і матэрыяльную спадчыну – Марыйныя санктуарыі. Прычым заўважана, што Панна Марыя выбірае сабе ціхія і спакойныя мястэчкі, вёсачкі.
Для вернікаў Іўеўшчыны месцамі пашаны да Маці Божай былі і застаюцца вядомыя ўсім Тракелі, Гудагай, Будслаў. Туды імкнуцца трапіць не толькі мясцовыя жыхары, але і людзі з усёй нашай краіны і нават з замежжа. Але ёсць на “зямлі Евы” і сваё месца пашаны да Маці Божай – касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дудах. У галоўным алтары святыні змешчаны цудадзейны абраз Маці Божай Сакальскай са шматвекавой гісторыяй, да якога імкнуцца трапіць вернікі з усяго наваколля.
Як мястэчка Дуды ўпершыню ўзгадваюцца ў пісьмовых крыніцах у 1560 годзе. Тады ж узгадваецца і касцёл, размешчаны на местачковым рынку. У гады трыумфу Рэфармацыі ў другой палове XVI стагоддзя святыня служыла і іўеўскім парафіянам, бо Петрапаўлаўскі касцёл быў ператвораны ў арыянскі храм. Больш падрабязная інфармацыя аб самім касцёле датуецца 1670 годам: “невялікі, драўляны, з трыма алтарамі, у галоўным змешчаны абраз Маці Божай Сакальскай, аздоблены некалькімі вотамі”.
Невядома, колькі яшчэ існавала гэтая святыня, але ў 1732 годзе плябан кс. Уладзіслаў Мацкевіч пабудаваў новы касцёл, таксама драўляны. У ім была тая ж колькасць алтароў: у галоўным – абраз Маці Божай Сакальскай, у бакавых – св. Юрыя і Маці Божай Чэнстахоўскай, аздоблены срэбнай каронай.
Сучасная ж святыня пабудавана ў 1772 годзе, кансэкравана як касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Язафата Кунцэвіча 26 верасня 1773 года біскупам Тамашам Зянковічам. Трэба адзначыць, што ў канцы XVIII стагоддзя ў касцёле знаходзілася каля дзвюх соцень вотаў. Ля абраза Маці Божай іх было 72. У ХІХ стагоддзі абраз быў аздоблены дзвюма срэбнымі каронамі.
Культ Маці Божай Дудскай нарадзіўся дзякуючы служэнню бернардынаў у Іўі. З пачатку свайго існавання святыня ў Дудах была філіялам іўеўскай парафіі, таму гісторыя іўеўскай і дудскай парафій звязана непарыўна. Прыйшоўшы на іўеўскую зямлю ў 1631 годзе, бернардыны сталі прыязджаць і ў Дуды.
Абраз Маці Божай Сакальскай з’яўляецца копіяй аднайменнага абраза, напісанага таленавітым літоўскім мастаком Якубам Венжыкам у ХІІІ стагоддзі. Вядома, што мастак у выніку напружанай працы страціў зрок, аднак змог здзейсніць падарожжа ў Чэнстахову і ля абраза Маці Божай папрасіць ласку выздараўлення. І здарыўся цуд – ён пачаў бачыць. Уражаны прыгажосцю Чорнай Мадонны, мастак вырашыў зрабіць спіс гэтага абраза. Аднак тварыць па памяці было цяжка, таму ён яшчэ двойчы наведаў Ясну Гуру. Вярнуўшыся дадому пасля другой пілігрымкі, Якуб Венжык убачыў прыгожае аблічча, ад якога зыходзіла святло. Ён пачуў голас, які загадаў аднесці абраз у касцёл горада Сакаль.
У XIV стагоддзі святыня была знішчана крымскімі татарамі, аднак абраз цудам уцалеў. Яго змясцілі ў пабудаваную на тым жа месцы капліцу. У XVІІ стагоддзі замест яе пабудавалі кляштар і касцёл бернардынаў. Абраз Маці Божай Сакальскай стаў чацвёртым на польскай зямлі, каранаваным папскімі каронамі. Тут абраз стаў славіцца сваімі цудамі.
На працягу ўсёй складанай гісторыі цудадзейнага абраза ім заўсёды апекаваліся манахі-бернардыны. Таму і не выпадкова тое, што менавіта яны заклалі культ Маці Божай Сакальскай Дудскай тут, на івейскай зямлі.
Сёлетні фэст у Дудах працягнуў сваю традыцыю: прыйшлі пілігрымы, адбыліся ўрачыстая Імша і эўхарыстычная працэсія. Мінулае і будучае гэтага фэсту залежалі і залежаць ад свецкіх вернікаў і духоўных асоб. Адны амаль 500 год таму распачалі культ Маці Божай Дудскай, а другія падхапілі яго, плёнам чаго стала Марыйнае месца на іўеўскай зямлі.
Падрыхтавалі Раман Ярмош, Марына Пазняк
Фота: Кацярына Сантоцкая