Skip to main content

Пілігрымку да сваёй апякункі Мар’яны Бярнацкай здзейснілі вернікі маладой гродзенскай парафіі

piligrimka baranowicze 1015 ліпеня вернікі гродзенскай парафіі благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай здзейснілі пешую пілігрымку на месца мучаніцкай смерці апякункі сваёй парафіяльнай супольнасці.

Больш за 60 вернікаў рознага ўзросту разам са сваім пробашчам кс. канонікам Юрыем Марціновічам вырушылі з парафіяльнай капліцы ў накірунку фартоў у Навумавічах, дзе спачываюць прыблізна 3 тысячы чалавек, расстраляных падчас Другой сусветнай вайны.

У Адамавічах вернікі парафіі далучыліся да групы пілігрымаў з Гродна і разам з імі працягнулі шлях да месца спачыну ахвяр вайны.

piligrimka baranowicze 21

Усе нязручнасці пілігрымкі вернікі парафіі благаслаўлёнай Мар’яны ахвяроўвалі ва ўласных малітоўных інтэнцыях. Акрамя таго, была агульная інтэнцыя: яны маліліся аб шчаслівым будаўніцтве свайго касцёла, які ўзводзіцца ў гродзенскім мікрараёне Баранавічы і прысвечаны іх нябеснай апякунцы, якая была сярод расстраляных у гады вайны на фартах у Навумавічах.

Таксама яны маліліся за ўсіх, дзякуючы чыёй малітоўнай дапамозе і ахвяраванням сцены парафіяльнага касцёла становяцца ўсё вышэйшымі.

piligrimka baranowicze 14

Вернікі маладой парафіі вельмі ганарацца тым, што апякунка іх супольнасці – гэтая адважная і вялікая жанчына. Падчас вайны яна аддала жыццё за сваю нявестку, якая знаходзілася ў благаслаўлёным стане.

Мар’яна Бярнацкая з’яўляецца для іх годным прыкладам таго, як будаваць адносіны ў сваіх сем’ях і на якіх каштоўнасцях засноўваць сваё штодзённае жыццё.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Міхаіл Міклашэвіч