15 ліпеня на фартах у Навумавічах каля Гродна адбыліся ўрачыстасці, прысвечаныя 80-й гадавіне мучаніцкай смерці благаслаўлёнай Мар'яны Бярнацкай і іншых мучанікаў Другой сусветнай вайны.
У гэтым месцы з 13 па 16 ліпеня 1943 г. былі расстраляны гітлераўцамі больш за 3 тысячы чалавек, сярод якіх інтэлігенцыя, дзяржаўныя і грамадскія дзеячы, духоўныя асобы, у тым ліку капелан сясцёр назарэтанак і прэфект школ кс. Юстын Скакоўскі, вікарый гродзенскай фарнай парафіі кс. Казімір Шыпіла, гвардыян гродзенскага францішканскага кляштара а. Дыянізій Клімчак.
Благаслаўлёная Мар’яна Бярнацкая, якая паходзіла з Ліпска над ракой Бебжай (сёння Польшча), аддала жыццё за цяжарную нявестку і яе будучае дзіця. Мар’яну расстралялі разам з сынам сярод 48 жыхароў Ліпска і Гродна.
У лесе, які бачыў падзеі Другой сусветнай вайны і захоўвае праўду аб тых трагічных хвілінах, у межах урачыстасцяў адбылася святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
У пачатку Эўхарыстыі іерарх папрасіў усіх шматлікіх удзельнікаў, якія прыбылі пешкі і на транспарце, будаваць мір – найперш у сваіх сем’ях, а таксама заклікаў да асаблівай малітвы ў інтэнцыі краін, якія закрануты ваеннымі канфліктамі і дзе праліваецца кроў нявінных людзей.
Успамінаючы бл. Мар’яну, біскуп падкрэсліў гераізм гэтай незвычайнай жанчыны, якая дае сучасным людзям прыклад цудоўнай любові і павагі да бліжняга. Ён заахвоціў прасіць яе дапамогі ва ўтварэнні здаровых і трывалых адносін паміж пакаленнямі, а таксама паміж народамі Беларусі і краін, з якімі яна мяжуе.
Ксёндз канонік Юрый Марціновіч, пробашч парафіі бл. Мар’яны Бярнацкай у Гродне, якая ў знак удзячнасці гэтай благаслаўлёнай за яе гераічны ўчынак будуе першы ў свеце касцёл, прысвечаны ёй, у гаміліі выказаў думку, што гэты лес павінен стаць для прысутных месцам разважання над сваім жыццём.
Святар падкрэсліў, што наведваць гэтае месца трэба не для таго, каб узрушыцца ці заплакаць над лёсам бл. Мар’яны і іншых мучанікаў, а для таго, “каб вучыцца ад іх любові на практыцы і прасіць іх быць для нас настаўнікамі любові – любові ў нашых сем’ях, супольнасцях”.
На Эўхарыстыі ўдзельнікі маліліся за сваю краіну, каб у ёй панаваў жаданы мір, і за ўсе сем’і, каб яны на ўзор благаслаўлёнай Мар’яны былі здольныя на ўзаемнае служэнне, самапрысвячэнне і ахвяру.
Акрамя таго, маліліся аб міры ва ўсім свеце і ў кожнай сям’і, аб шчаслівым будаўніцтве касцёла бл. Мар’яны Бярнацкай у гродзенскім мікрараёне Баранавічы і за ўсіх, хто малітвай, працай і ахвяраваннямі дапамагае парафіяльнай супольнасці, якая з ліпеня мінулага года будуе гэты касцёл.
Прысутныя таксама падтрымалі ахвяраваннямі будаўніцтва святыні, за што вернікі маладой парафіі вельмі ўдзячныя і будуць аддаваць доўг сваёй удзячнасці малітвай.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Міхаіл Міклашэвіч