Skip to main content

“Не ўжо 50, а яшчэ 50”: пробашч парафіі ў Вішневе адзначыў юбілей

jubilej kazlowski 26Пробашч парафіі св. Юды Тадэвуша ў Вішневе (Смаргонскі дэканат) кс. Антоній Казлоўскі адсвяткаваў свой 50-гадовы юбілей.

Віншаванне юбіляра адбылося на святой Імшы ў вішнеўскай парафіі. Прысутнічалі амаль усе, хто вучыўся разам з ксяндзом Антоніем на адным курсе ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Для выпускнікоў семінарыі 2003 года збірацца з розных нагодаў – традыцыя.

Такім чынам, павіншаваць святара прыбылі: пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Начы кс. Аляксандр Адамовіч; пробашч парафіі Святой Сям’і ў Верцялішках кс. Яўген Барысюк; рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне кс. канонік Віталій Вайцяхоўскі; пробашч парафіі Божай Міласэрнасці ў Лідзе кс. канонік Андрэй Зноска; пробашч парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Правых Мастах кс. Юрый Ігнатовіч; пробашч парафіі св. Міхала Арханёла ў Поразаве кс. Юрый Канапелька; пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Новым Двары дэкан Шчучынскі кс. Юрый Кузьміч; пробашч парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Ласкавай у Задарожжы кс. Эдвард Нарадоўскі; пробашч парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне кс. Аляксандр Раманоўскі; пробашч парафіі Святога Духа ў Гродне кс. канонік Павел Салабуда; пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Дунілавічах кс. Андрэй Таўрук; пробашч парафіі Перамянення Пана ў Крэве кс. Юрый Церабей; пробашч парафіі св. Антонія Падуанскага ў Рагачове і кусташ санктуарыя Маці Божай у Лагішыне кс. Андрэй Шут; пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Красным кс. Павел Шылак.

На пачатку Імшы свайго пробашча павіншавалі вернікі.

Ксёндз канонік Андрэй Зноска, які з’яўляецца кансультантам Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі па юрыдычных пытаннях, падарыў імянінніку кнігу Кодэкса кананічнага права, у перакладзе якой прымаў удзел.

Сюрпрызам для юбіляра был дэкрэт біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча, які прачытаў кс. Андрэй Зноска. Біскуп прызначыў ксяндза Антонія канонікам катэдральнага капітулу Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Казіміра.

Акрамя таго, у дэкрэце іерарх пажадаў юбіляру Божага благаслаўлення і шчодрасці ўсялякіх Божых ласкаў на службе Хрыстоваму Касцёлу.

Таксама юбіляру было падорана адзенне каноніка.

jubilej kazlowski 23

Пасля Эўхарыстыі адбыліся Фацімскае набажэнства і працэсія вакол касцёла, у якой духавенства несла фігуру Маці Божай.

На заканчэнне свята былі зроблены памятныя фотаздымкі юбіляра з гасцямі і парафіянамі.

Ксёндз Антоній, кажучы пра свой юбілей, пажартаваў: “Гэта не ўжо 50 год, а яшчэ толькі 50 год”. Ён падзякаваў вернікам парафіі і ўсім, хто прыбыў павіншаваць яго.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі