11 ліпеня ў касцёле св. Вацлава ў Ваўкавыску адбылася пахавальная Імша з нагоды смерці кс. прэлата Антонія Філіпчыка, які шмат гадоў быў пробашчам гэтай парафіяльнай супольнасці.
Доказам удзячнасці за дар сустрэчы з гэтым святаром і за ўсё добрае, атрыманае ад яго, была прысутнасць на Эўхарыстыі шматлікага духавенства, кансэкраваных асобаў і мноства вернікаў.
Імшу з удзелам больш чым сотні святароў, у тым ліку арцыбіскупа эмерыта Тадэвуша Кандрусевіча, біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча і генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага, узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Усіх прысутных прывітаў ад імя святароў, якія служаць у гэтай парафіі, дэкан Ваўкавыскага дэканату кс. канонік Чэслаў Паўлюкевіч.
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, калі быў маладым святаром, служыў вікарыем у парафіі св. Вацлава і рабіў першыя крокі на шляху святарства на вачах ксяндза прэлата Антонія Філіпчыка. На пахаванні арцыбіскуп назваў яго душпастырам, заслужаным не толькі для Гродзенскай дыяцэзіі.
Арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч у гаміліі ўзгадаў, што сустракаўся з ксяндзом прэлатам на вучобе ў семінарыі ў Каўнасе.
Па словах іерарха, у той час, калі кс. Антоній быў пробашчам у Ваўкавыску, з-пад яго рук выйшла больш за 15 святароў, якія сёння служаць не толькі ў Гродзенскай дыяцэзіі.
У канцы Імшы да прысутных звярнуўся кс. канонік Уладзімір Гуляй, старэйшы са святароў, якія паходзяць з ваўкавыскай парафіі. Ён падкрэсліў, што спачылы ксёндз прэлат, іх выхаваўца, заўсёды даваў семінарыстам прыклад руплівага святарскага служэння, на ўсіх этапах жыцця верна служыў Хрысту, любіў Касцёл, шанаваў людзей, асаблівую міласэрнасць праяўляючы да тых, хто апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч, успамінаючы спачылага, адзначыў яго глыбокую пакору і сціпласць. Іерарх дадаў, што жыццё ксяндза Філіпчыка вызначалася вялікай працавітасцю і вернасцю Хрыстоваму Касцёлу.
Пасля Імшы святары, якія паходзяць з ваўкавыскай парафіі, дзе амаль 35 гадоў служыў ксёндз прэлат, вынеслі з касцёла труну з целам свайго настаўніка, якому ўдзячныя многім, а найперш тым, што бачылі ў ім узор сапраўднага душпастыра. Жалобная працэсія накіравалася на могілкі, дзе затым адбылося пахаванне.
Ксёндз прэлат Антоній Філіпчык, сын Антонія і Феліцыі, нарадзіўся 17 чэрвеня 1949 г. у вёсцы Чыжоўшчына на Астравеччыне.
Скончыў сярэднюю школу ў Варнянах. У 1977-1982 гг. вучыўся ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Каўнасе.
6 чэрвеня 1982 г. у катэдры ў Каўнасе біскуп Людвік Павалёніс удзяліў яму прэзбітэрскае пасвячэнне.
У першыя гады святарскага служэння быў вікарыем у Літве ў Швянчонісе (1982 г.), Эйшышкесе (1982-1983 гг.), затым пробашчам парафіі ў Пабрадэ.
У лістападзе 1988 г. прыбыў у Ваўкавыск. Быў дэканам Ваўкавыскага дэканату і пробашчам парафіі св. Вацлава да самай смерці. Адышоў у вечнасць 9 ліпеня.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Аліна Пяценка