3 ліпеня ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве з нагоды 525-й гадавіны заснавання гэтага горада адбылася малітва ў інтэнцыі яго жыхароў.
На святой Імшы, якую ўзначаліў генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, шматлікія прысутныя прасілі Пана Бога аб згодзе, міры і дабрабыце для ўсіх жыхароў не толькі Дзятлава, але і ўсёй нашай краіны.
На літургіі прысутнічалі прадстаўнікі раённай улады на чале са старшынёй раённага выканаўчага камітэта Андрэем Садоўскім.
У канцы Імшы ўдзельнікам падзякаваў за дар супольнай малітвы пробашч парафіі кс. Здзіслаў Пікула SDB.
Увянчаннем урачыстасці было асвячэнне новага крыжа, устаноўленага на вуліцы Фрунзе, якое здзейсніў біскуп Яшэўскі. Крыж, які з’яўляецца паўсюдным і найбольш распазнавальным сімвалам хрысціянства, а таксама знакам збаўлення і перамогі, тронам, з якога валадарыць Месія, будзе ахоўваць і аберагаць Дзятлава і яго жыхароў.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: diatlovonews.by