Skip to main content

Біскуп Кашкевіч у Будславе: адкрыем сэрцы на Марыю, якая нясе нам Бога

budslau 830 чэрвеня – 1 ліпеня ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе адбыліся адпустовыя ўрачыстасці. Сёлета яны прысвячаліся 25-годдзю каранацыі абраза Маці Божай Будслаўскай і па рашэнні беларускага каталіцкага епіскапату праходзілі пад дэвізам “Марыя – Каралева Беларусі”.

На ўрачыстасці традыцыйна прыбылі шматлікія пілігрымы з усёй краіны, многія – пешкі.

У агульным ліку пешкі і на роварах на фэст прыбылі 1862 пілігрымы. Сярод пілігрымак былі дзве пешыя з Гродзенскай дыяцэзіі: пілігрымка з Ліды, якая адбылася ў шосты раз, i Салезіянская моладзевая евангелізацыйная пілігрымка са Смаргоні, якая адбылася ў 22-і раз.

Ва ўрачыстасцях удзельнічаў папскі легат арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, Прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў, які з 2011 па 2015 год быў Апостальскім нунцыем у нашай краіне.

budslau 3

1 ліпеня ранішнюю святую Імшу ў будслаўскай базыліцы ў межах фэсту ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У гаміліі іерарх адзначыў, што ўсе вернікі прыбываюць у Будслаў як пілігрымы, каб скласці ўсё ў любячыя матчыны далоні Панны Марыі і даверыць Яе найчысцейшаму, поўнаму любові сэрцу, якое ўсё разумее, лёсы сваіх блізкіх і свету.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне дадаў, што ад Марыі кожны можа навучыцца многаму, найперш таму, як давяраць Богу свой сённяшні і заўтрашні дзень.

Біскуп падкрэсліў, што людзі так часта схільныя засяроджвацца выключна на цяжкім і балючым, што не заўважаюць, “як шмат дароў Божай ласкі ў нашым жыцці, у жыцці нашых бліжніх, у розных большых і меншых падзеях, якія складаюць нашу штодзённасць”.

“Як калісьці Марыя прынесла пад сваім сэрцам Сына Божага Езуса Хрыста ў дом Захарыі і Альжбеты, так сёння Яна жадае несці Хрыста кожнаму з нас”, – сказаў іерарх.

Біскуп дадаў, што Маці Божая прыходзіць не для таго, каб штосьці забраць, а для таго, каб нас узбагаціць, прынесці нам Хрыста.

budslau 6

“Таму адкрыем нашы сэрцы на Марыю – няхай нясе нам Езуса, няхай вядзе нас да свайго Сына і няхай гэтая сустрэча пастаянна прыносіць плён нашага духоўнага перамянення”, – заклікаў іерарх.

Сваё разважанне над Божым словам біскуп Аляксандр скончыў малітвай, звернутай да Багародзіцы: “Марыя, наша Маці, дзякуем сёння за Тваё любячае матчына сэрца. Няхай яно заўсёды будзе нашым прытулкам, крыніцай міру і суцяшэння, надзеі і даверу, радасці і моцы духу”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі