30 чэрвеня ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай прыйшлі ў пешай пілігрымцы вернікі з Ліды. Яны сталі першымі з пілігрымаў, якія прыбываюць у гэтым годзе на традыцыйныя адпустовыя ўрачыстасці ў Будславе.
Лідскіх пілігрымаў суправаджаюць святары і асобы кансэкраванага жыцця.
Пешая пілігрымка з Ліды ў Будслаў у гэтым годзе адбылася ў шосты раз, пачаўшыся 22 чэрвеня. Яе ўдзельнікі правялі ў дарозе дзевяць дзён, прысвяціўшы час малітве, паслухаўшы канферэнцыі і ўзяўшы ўдзел у святой Імшы.
Сёлетнія ўрачыстасці ў санктуарыі адбудуцца ў юбілей 25-годдзя з часу каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай. Па рашэнні беларускага каталіцкага епіскапату яны пройдуць пад дэвізам “Марыя – Каралева Беларусі”.
У гэтых урачыстасцях у якасці Спецыяльнага пасланніка (легата) Папы Францішка возьме ўдзел Прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. Ён добра вядомы беларускім вернікам, бо з 2011 па 2015 год быў Апостальскім нунцыем у нашай краіне. У той час іерарх неаднаразова ўдзельнічаў у Будслаўскім фэсце.
У 2018 г. Будслаўскі фэст быў унесены ЮНЕСКА ў Рэпрэзентацыйны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі