25 чэрвеня са Смаргоні вырушыла ў Будслаў 22-я Салезіянская моладзевая евангелізацыйная пілігрымка (СМЕП). Моладзь удзельнічае ў ёй разам са святарамі і сёстрамі законнымі.
Як паведамляе sdb.by, у гэтым годзе тэма СМЕП – “Шукаючы Бога”. Рэкалекцыі ў яе межах сёлета праводзіць кс. Алег Каралёў SDB, адказны за пілігрымку.
Каб раскрыць тэму СМЕП, кожны дзень для яе ўдзельнікаў праводзяцца канферэнцыі і праца ў групах. У гэтым годзе ўдзельнікі падзелены на групы па ўзросце: 7 клас, 8-9 клас, 10-11 клас і старэйшая моладзь.
Першы дзень пілігрымкі пачаўся са святой Імшы, якую цэлебраваў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі кс. Павел Шчарбіцкі SDB. Пасля агульнага фотаздымка і благаслаўлення пілігрымка вырушыла ў накірунку вёскі Войстам.
Першы дзень быў прысвечаны тэме “Слухаць і чуць”, яго сімвалам быў званок ад Езуса. У канферэнцыі кс. Алег Каралёў адзначыў, што Бог звяртаецца да кожнага праз Святое Пісанне, што Біблію трэба не чытаць, а слухаць, і не ў сэнсе аўдыёфармату. Святар распавёў пра “тэхнікі”, якія могуць дапамагчы слухаць і чуць Бога: гэта Дух Святы, пакора і вернасць.
Пілігрымка пераадолела 21 кіламетр да вёскі Войстам. Там яе сустрэў пробашч мясцовай парафіі кс. Вадзім Сурвіла.
У Войстаме для пілігрымаў быў арганізаваны вясёлы вечар, які прайшоў у фармаце “галодных гульняў”. Па традыцыі перад адыходам на адпачынак прагучала слоўка на добрую ноч.