25 чэрвеня біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафіяльную супольнасць Найсвяцейшай Тройцы ў Германішках (Радунскі дэканат).
На ўрачыстай святой Імшы іерарх удзяліў сакрамэнт канфірмацыі мясцовым вернікам – маладым і старэйшым. Гэтыя парафіяне, у агульным ліку 15 чалавек, былі адпаведным чынам падрыхтаваны да гэтай значнай у іх жыцці падзеі.
Пробашч парафіі кс. Дзяніс Крываносаў SAC прывітаў усіх прысутных і папрасіў біскупа ўмацаваць вернікаў у гэтым сакрамэнце хрысціянскай сталасці сямю дарамі Духа Святога.
Біскуп, звяртаючыся да канфірмаваных, падкрэсліў значэнне гэтага сакрамэнту, які напаўняе чалавека адвагай у вызнаванні веры і жыцці паводле яе праўдаў.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне заахвоціў парафіян, асабліва моладзь, быць адважнымі сведкамі Езуса Хрыста на месцах сваёй працы і вучобы.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі