24 чэрвеня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Тракельскай Каралевы нашых сем’яў адбылася сустрэча членаў малітоўных груп апостальскага руху “Маргарытка”. У сустрэчы прынялі ўдзел больш за 300 чалавек з розных мясцін Гродзеншчыны.
Супольная малітва пачалася канферэнцыяй, з якой выступіў кс. Алег Пятрашка, і адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту.
Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў біскупскі вікарый Лідскага рэгіёна кс. канонік Уладзімір Гуляй, пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе. Разам з ім за ўсіх удзельнікаў руху “Маргарытка”, а таксама ўсіх пакліканых да асаблівага служэння Богу і Касцёлу маліліся мадэратар апостальскага руху ў Гродзенскай дыяцэзіі кс. Ян Раманоўскі, папярэдні мадэратар кс. Ян Сарэла, кусташ тракельскага санктуарыя кс. канонік Юрый Бяганскі, кс. Алег Пятрашка.
Ксёндз Ян Раманоўскі ў гаміліі падкрэсліў, што дзякуючы падтрымцы вернікаў кожны святар адчувае сябе мацнейшым, больш трывалым духоўна. Ён дадаў, што малітва – гэта сіла, моц, суцяшэнне, падтрымка, дар.
Ксёндз канонік Уладзімір Гуляй ад уласнага імя і ад усяго духавенства выказаў словы шчырай падзякі ўсім, хто належыць да гэтага апостальскага руху.
Знакам малітоўнай падтрымкі стала традыцыйнае ўручэнне “Маргарытак” прысутным святарам у канцы Імшы.
Сустрэча завяршылася сумесным абедам. Ксёндз Ян Раманоўскі выказаў падзяку парафіянам і кусташу санктуарыя кс. каноніку Юрыю Бяганскаму за гасціннасць.
Такія сустрэчы фарміруюць хрысціянскія каштоўнасці для распаўсюджвання ўзаемападтрымкі і любові, для духоўнай сувязі вернікаў і душпастыраў.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі