З 2 па 4 чэрвеня ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Росі адбыліся рэкалекцыі для мужчын. Духоўныя практыкаванні былі прысвечаны тэме “Малітва ў жыцці мужчыны”.
Як паведамляе msj.by, у рэкалекцыях прынялі ўдзел мужчыны і юнакі з Мінска, Гродна, Браслава, Ваўкавыска, Ліды і самой Росі. З канферэнцыямі выступілі айцец дамініканін Віталь Сапега і псіхатэрапеўт Іван Пузанаў.
Сярод іншага, на рэкалекцыях было адзначана: “Кожны дзень муж веры выходзіць на духоўную вайну. Для таго, каб супрацьстаяць спакусам і граху, ваяру патрэбныя дары Святога Духа, а таксама малітва. Малітва як індывідуальная, так і з усёй сям’ёй, асобна з жонкай, а таксама ў супольнасці вернікаў. Кожны павінен выпрацаваць і выбраць для сябе пэўны рытм малітвы на працягу дня, які будзе ўключаць чытанне Евангелля і разважанне над Божым Словам. Было б нядрэнна, калі б вячэрняя малітва складалася з агляду дня, калі вернік правярае сябе, ці ва ўсіх сітуацыях ён здзейсніў учынак любові, і дзякуе Створцу за атрыманыя ласкі. Мужу веры рэкамендуецца выбраць святых, чый прыклад ён будзе наследаваць і чыйго заступніцтва заклікаць”.
Клінічны псіхолаг Іван Пузанаў выступіў з канферэнцыяй “Адрозненні мужчыны і жанчыны”, у якой на прыкладах паказаў, чым адрозніваецца праца органаў пачуццяў у мужчын і жанчын і іх рэакцыя на знешнія раздражняльнікі.
Адзін з удзельнікаў рэкалекцый падзяліўся сваімі перажываннямі і ўражаннямі:
“Рады, што трапіў на мужчынскія рэкалекцыі ў Росі. Сустрэча з іншымі мужчынамі, якія таксама знаходзяцца на шляху духоўнага развіцця, і шчырыя размовы з імі дапамаглі глыбей зірнуць на некаторыя з’явы штодзённага жыцця, лепш у іх разабрацца. У тым ліку гэта адносіны паміж сябрамі, адданасць сваёй справе і сумленная праца, стасункі ў сям’і, з жонкаю, дзецьмі. Карысна было даведацца пра досвед іншых людзей, пабачыць, што на некаторыя рэчы мы глядзім па-іншаму. Але ёсць і тое, у чым мы сыходзімся. Удзячны арганізатарам і тым, хто нас прыняў і на працягу гэтых дзён пра нас клапаціўся. Дзякуй вам вялікі за гасціннасць і дай вам Бог далейшых поспехаў!”