З 2 па 4 чэрвеня ў Жупранах (Ашмянскі дэканат) адбыўся з’езд салезіянскіх міністрантаў. У з’ездзе ўзяло удзел больш за 60 хлопцаў з салезіянскіх парафій у Мінску, Смаргоні, Бараўлянах, Дзятлаве і саміх Жупранах. Месцам правядзення стаўся адноўлены дом для моладзевых акцый.
У першы дзень сустрэчы хлопцы мелі магчымасць пазнаёміцца, добра правесці час у гульні ў футбол і спецыяльна арганізаваным лазертагу на панадворку. У канцы дня хлопцы ўдзельнічалі ў адмысловай адарацыі і мелі магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння.
У наступны дзень міністранты наведалі Будслаў на заканчэнне навэнны з нагоды юбілею каранацыі цудадзейнага абраза Будслаўскай Багародзіцы. Там частка міністрантаў удзельнічала ў міні-прадстаўленні пра гісторыю Будслава, падрыхтаваным салезіянскай сям’ёй Смаргоні. Потым міністранты ўдзельнічалі ў Эўхарыстыі ў будслаўскай базыліцы, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. На Імшы прысутнічалі дзеці з розных парафій Беларусі, якія нядаўна прынялі Першую Камунію.
Пасля Імшы і абеду ўсім прысутным дзецям былі прапанаваны забаўляльныя стэнды, падрыхтаваныя салезіянскай сям’ёй Мінска і Бараўлян.
Затым міністранты вярнуліся ў Жупраны. Там яны ўдзельнічалі ў паходзе ў лес, дзе іх чакала спецыяльна падрыхтаваная гульня.
У нядзелю міністранты разам з адказным за з’езд кс. Артурам Ляшнеўскім SDB адсвяткавалі ў жупранскім касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы. Пасля Эўхарыстыі члены літургічнай службы алтара разам з іншымі вернікамі ўдзельнічалі ў тэафарычнай працэсіі вакол святыні. Міністранты падчас шэсця неслі харугвы і касцёльную літургічную атрыбутыку.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі