21 мая адбылася роварная пілігрымка з парафіі Святога Духа ў Гродне (Альшанка) у санктуарый у Капцёўцы на заканчэнне навучальнага года.
Малодшыя парафіяне са сваімі бацькамі і душпастырамі накіраваліся да Маці Божай Цярпліва Слухаючай на Узгорак надзеі ў Капцёўцы, каб падзякаваць за чарговы навучальны і катэхетычны год.
Сёлета ў пілігрымцы прыняло ўдзел каля 70 чалавек, у тым ліку студэнты Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
Прыбыўшы ў санктуарый, яны ўдзельнічалі ў маёвым набажэнстве, якое ўзначаліў пробашч парафіі Святога Духа кс. канонік Павел Салабуда. Маладыя вернікі са сваёй катэхеткай сястрой Вікторыяй спявалі песні ў гонар Маці Божай. Затым кусташ санктуарыя кс. Міхал Ластоўскі адкрыў перад імі цудадзейны абраз і пазнаёміў гасцей з гісторыяй санктуарыя.
Пасля супольнай малітвы арганізатары запрасілі пілігрымаў на пасілак і забавы на тэрыторыі капцёўскай святыні. Кожны з прысутных мог духоўна і фізічна адпачыць каля Маці Божай.
“Такія духоўныя акцыі ў нашай парафіі ўспрымаюцца дзецьмі пазітыўна, – распавёў нашаму парталу кс. Павел Салабуда. – Не з’яўляецца цяжкасцю выцягнуць іх з дому. Іх заўсёды збіраецца вялікая колькасць, каб правесці час у малітве і забаве”.
Як адзначыў святар, такія пілігрымкі ўжо становяцца традыцыяй, а на пачатку навучальнага года маладыя парафіяне ідуць у Капцёўку ў пешай пілігрымцы.
Парафія ў Альшанцы – адна з маладых парафіяльных супольнасцяў Гродзенскай дыяцэзіі. Парафія развіваецца вельмі дынамічна. У гэтым годзе ў ёй прыступіць да Першай Камуніі 230 дзяцей.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: кс. Валерый Спірыдон