Skip to main content

Дзень маці адзначылі з удзелам біскупа Гродзенскага ў санктуарыі ў Тракелях

den matsi 11У першую нядзелю мая, калi Гродзенская дыяцэзiя святкуе Дзень мацi, у дыяцэзіяльным санктуарыі Каралевы нашых сем’яў у Тракелях сабраліся мамы з розных куткоў Гродзеншчыны, каб у малітвах падзякаваць Багародзіцы за дар мацярынства.

Сустрэча каля цудатворнага абраза Маці Божай пачалася адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту. Прысутныя маліліся за мам: жывых, якія штодзённым прыкладам змяняюць свае сем’і і ўвесь свет, і спачылых, просячы дару вечнага жыцця для іх.

den matsi 5

Кульмінацыяй свята была Эўхарыстыя, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Гамілію прамовіў біскупскі вікарый Лідскага рэгіёна кс. канонік Уладзімір Гуляй. “Дзень маці – гэта, магчыма, адно з самых чуллівых святаў, бо кожны з нас з дзяцінства і да сваіх апошніх дзён нясе ў душы адзіны і непаўторны вобраз – вобраз сваёй мамы, самага роднага і дарагога чалавека ў свеце, які ўсё зразумее, даруе, заўсёды пашкадуе і будзе любіць, нягледзячы ні на што, які падараваў нам галоўную ў свеце каштоўнасць – жыццё”, – адзначыў святар.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч на заканчэнне Імшы падкрэсліў, што мэта гэтага свята – “падтрымаць традыцыі клопату пра жанчын, умацаваць сямейныя асновы, захаваць гарманічныя сямейныя адносіны, падрыхтаваць моладзь да сямейнага жыцця і, вядома ж, падкрэсліць важнасць галоўнага чалавека ў нашым жыцці – маці”.

den matsi 8

Кусташ санктуарыя кс. канонік Юрый Бяганскі выказаў удзячнасць іерарху і ўсім святарам, якія прыбылі на свята матуль. Таксама кусташ разам са сваёй парафіяльнай супольнасцю павіншаваў пастыра Касцёла на Гродзеншчыне з імянінамі, якія біскуп адзначаў у пачатку месяца. Да віншаванняў далучыліся супольнасць “Маці ў малітве” з Ліды і пілігрымы з розных куткоў дыяцэзіі.

Акрамя таго, у праграме свята былі сустрэча пры каве i Крыжовы шлях.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі