8 мая біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафію св. Міхала Арханёла ў Навагрудку. На ўрачыстай святой Імшы іерарх удзяліў сакрамэнт канфірмацыі адпаведна падрыхтаваным да гэтага вернікам.
Усіх прысутных прывітаў пробашч кс. Юрый Жэгарын, выказаўшы радасць, што гэтая парафіяльная супольнасць узбагаціцца дарам Духа Святога.
У гаміліі кс. канонік Юрый Марціновіч, сакратар біскупа Гродзенскага, звярнуў увагу на тое, што сакрамэнт канфірмацыі – вялікі дар, які чалавек атрымлівае ад Уваскрослага Пана, і гэты дар належыць прымаць з верай.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч на заканчэнне Эўхарыстыі адзначыў, што сакрамэнт канфірмацыі робіць чалавека адважным вызнаўцам веры, здольным яе бараніць, калі з’явіцца такая неабходнасць. Іерарх нагадаў, што, напаўняючыся Святым Духам, прымаючы Яго дары, чалавек глыбей укараняецца ў веры.
На заканчэнне Імшы парафіяне, узбагачаныя сямю дарамі Духа ў канфірмацыі, выказалі ўдзячнасць Богу за тое, што ўмацоўвае іх у гэтым сакрамэнце і робіць здольнымі быць сведкамі Уваскрослага. Таксама яны падзякавалі свайму пробашчу і бацькам, якія рыхтавалі іх да гэтай урачыстасці і перадалі найкаштоўнейшы скарб, якім з’яўляецца вера.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі