6 мая, ва ўспамін св. Дамініка Савіо, апекуна літургічнай службы алтара, міністранты смаргонскай парафіі св. Міхала Арханёла зладзілі свой традыцыйны паход.
Мэтай паходу было асаблівае для міністрантаў месца на беразе ракі Вілія, якое знаходзіцца ў 6 кіламетрах ад парафіяльнага касцёла.
Па традыцыі на беразе цэлебравалася Імша ў гонар св. Дамініка, на якой пробашч маліўся аб распазнанні паклікання для прысутных міністрантаў.
У гаміліі кс. Артур Ляшнеўскі SDB закрануў тры аспекты з жыцця гэтага святога: яго любоў да Эўхарыстыі, пашану да Маці Божай і яго маладосць. Пробашч адзначыў, што ўжо ў маладым узросце Дамінік Савіо дасягнуў вышыняў святасці. Таму, звяртаючыся да міністрантаў, святар дадаў, што кожнаму трэба ўжо цяпер, з маладосці, імкнуцца да Неба.
Пасля Імшы міністрантаў чакалі грыль і салодкі стол. Пасля падсілкавання хлопцы мелі магчымасць паўдзельнічаць у вялікай гульні, якую зладзілі ў лясным гушчары.
Міністранты вярталіся стомленыя насычаным падзеямі днём, але па-сапраўднаму задаволеныя.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі