29 красавіка ў санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе (Віцебская дыяцэзія) урачыста адзначылі юбілей 100-годдзя з часу заснавання Кангрэгацыі сясцёр служабніц Езуса ў Эўхарыстыі.
Па запрашэнні сясцёр эўхарыстак урачыстасць узначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч. Прадстаўнік Папы Францішка цэлебраваў святую Імшу, інтэнцыяй якой была падзяка за стагоддзе руплівага служэння эўхарыстак.
У святкаванні ўдзельнічалі шматлікія госці, у тым ліку іерархі, сярод якіх быў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Прычынай яго прысутнасці было тое, што сёстры гэтай супольнасці служаць таксама ў Гродзенскай дыяцэзіі – у парафіі святых Космы і Дам’яна ў Астраўцы. Іерарх супрацоўнічаў з эўхарысткамі на працягу некалькіх гадоў, калі быў пробашчам парафіі Святога Духа ў Вільні.
Таму ў сваім слове, скіраваным на імя дэлегаткі Беларуска-Літоўскай дэлегатуры гэтай супольнасці сястры Антаніны Багдановіч SJE, біскуп Кашкевіч падкрэсліў, што вельмі ўдзячны эўхарысткам.
Узгадваючы час працы ў Вільні, калі ён ведаў некалькіх сясцёр гэтай супольнасці, іерарх адзначыў: “Яны былі заўсёды адкрытыя, гатовыя дапамагчы і працавітыя. Яны прысвячалі сябе парафіі, служылі людзям, несучы ім канкрэтную дапамогу, і асабіста дапамагалі мне”.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне выказаў надзею, што юбілей 100-годдзя гэтай супольнасці будзе для яе нагодай дзякаваць Пану за сваю цудоўную і багатую гісторыю, якую кожная з сясцёр піша штодзённа ўласным жыццём: у цішыні малітвы і адарацыі, у глыбокім і поўным пакоры разважанні над Божым словам, у ахвярным і руплівым служэнні Богу і бліжняму.
“Няхай Добры Бог благаславіць усю Кангрэгацыю сясцёр служабніц Езуса ў Эўхарыстыі, няхай адорвае кожную з сясцёр шчодрасцю ласк, няхай нястомна насычае манаскую супольнасць шматлікімі, добрымі і святымі пакліканнямі”, – напісаў біскуп.
Кангрэгацыя сясцёр служабніц Езуса ў Эўхарыстыі была створана ў 1923 г. благаслаўлёным Юрыем Матулевічам, тагачасным біскупам Віленскім. Як падкрэсліў у гаміліі Апостальскі Нунцый, гэта былі нялёгкія часы паміж дзвюма сусветнымі войнамі, калі панавалі голад і хваробы. Дэвіз супольнасці – “Усё для Хрыста і праз Хрыста”.
З пачатку існавання кангрэгацыя жыве харызмай пашаны да Езуса ў Эўхарыстыі і пашырае яе ў Беларусі, Польшчы, Літве, Латвіі, Казахстане, Грузіі, Расіі, Сібіры, Таджыкістане, Украіне, Італіі, Лівіі, Германіі і на Кубе.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі