Skip to main content

Парафіяльную ўрачыстасць у гонар св. Юрыя адзначылі ў Варнянах

varniny 723 красавіка ў парафіі св. Юрыя, мучаніка, у Варнянах (Астравецкі дэканат) адбылася адпустовая ўрачыстасць.

Удзел у штогадовай урачыстасці ў гонар галоўнага нябеснага заступніка гэтай супольнасці прынялі шматлікія святары, парафіяне і госці.

Адпустовую Імшу ўзначаліў кс. канонік Юзаф Багдзевіч, дэкан Астравецкага дэканату, пробашч парафіі Космы і Дам’яна ў Астраўцы.

Гамілію прамовіў а. Анджэй Ядкоўскі CSsR, пробашч парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне (Дзевятоўка). У кастрычніку гэтага года рэдэмптарыст будзе праводзіць у варнянскай парафіі святыя місіі, якія з’яўляюцца выдатным часам для духоўных зменаў у жыцці кожнага чалавека.

У гаміліі святар прапанаваў вернікам падумаць над пытаннямі: “Хто з нас жадае пасля смерці трапіць на неба? Ці лічыць хтосьці сябе святым? Што значыць быць святым?” Ён адзначыў, што шлях да святасці нялёгкі, гэта шлях штодзённых і канкрэтных учынкаў, якія робяць нас больш Божымі. Па словах рэдэмптарыста, гэта значыць, што святы той, чыя воля супадае з Божай, і немагчыма быць святым без Бога.

Урачыстасць завяршылася літаніяй да святога Юрыя і эўхарыстычнай працэсіяй вакол касцёла.

Пробашч парафіі кс. Віктар Захарэўскі шчыра падзякаваў духавенству і вернікам за ўдзел і дар супольнай малітвы, а таксама павіншаваў усіх, хто носіць імя Юрый. Пробашч заклікаў быць мужнымі воінамі Хрыста, стойка трываць у веры, як гэты святы, і заўсёды звяртацца за дапамогай да заступніка парафіі.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі