Урачыстай працэсіяй пачалася ў нядзелю Уваскрасення Пана рэзурэкцыйная Імша ў лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа.
Цэлебраваў Эўхарыстыю арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч разам са святарамі,якія служаць у гэтай парафіі.
У гаміліі іерарх засяродзіўся на праўдзе пустой грабніцы Езуса, “якая звяртаецца да нас і голас якой чуваць, нягледзячы на секулярныя тэндэнцыі сучаснасці”. Ён адзначыў, што тысячы пілігрымаў спяшаюцца да пустой магілы Езуса, каб адысці ад яе з умацаванай верай у Яго Уваскрасенне, і сімвалам такога адыходу з’яўляецца рэзурэкцыйная працэсія.
“Апосталы пачалі сваё навучанне з абвяшчэння праўды Уваскрасення Хрыста. Мы таксама пакліканы кожны дзень сведчыць яе, каб паказаць свету новае, вечнае вымярэнне нашага існавання, новую перспектыву, якая сягае па-за межы смяротнасці”, – падкрэсліў арцыбіскуп.
Як дадаў ён, быць хрысціянінам азначае верыць, што Хрыстус уваскрос, і несці людзям радасць велікоднай раніцы, абуджаць надзею там, дзе яна згасла. “Гэта вельмі важна ў наш час, калі ўсё больш людзей жыве так, як быццам Бог не існуе, і іх вера становіцца плыткай. Хрысціянскае сведчанне – найбольш пераканаўчае Евангелле, якое вядзе да духоўнага ўваскрашэння з магілы граху”, – сказаў іерарх.
“Езус кажа: “Я ёсць уваскрасенне і жыццё, хто верыць у Мяне, нават калі і памрэ, будзе жыць”. Ці верым мы ў гэта? Або, можа, толькі захоўваем традыцыю, калі святкаванне Змёртвыхпаўстання зводзіцца да благаслаўлення пасхальнай ежы? У той жа час Хрыстус жыве ў сваім Касцёле і дзейнічае ў свеце. Праз праўду Уваскрасення Ён змяняе свет”, – звярнуў увагу арцыбіскуп.
“Падобна апосталу Яну, нам трэба паглядзець і паверыць. Ці мы робім так? На жаль, далёка не заўсёды. Праблема ў тым, што мы часта імкнемся менш бачыць і чуць, бо праўда змёртвыхпаўстання невыгодная, яна патрабуе шмат чаго і заклікае змяніць жыццё”, – заўважыў іерарх.
Па яго словах, “Пасха толькі тады будзе мець значэнне, калі мы будзем штодня ўваскрасаць з магілы нашых грахоў і змяняцца”, “нам патрэбны пасхальны дынамізм, бо інакш Вялікдзень пройдзе, як праходзіць шмат іншых падзей, і мы забудземся пра яго”.
“Таму няхай нашае жыццё будзе афірмацыяй нашай веры: “Пане, я цвёрда веру, што Ты Месія, Бог Жывы, Пан жыцця, Пераможца смерці, пекла і злога духа, ідэяй Якога хачу жыць, каб самому змяняцца і змяняць свет на лепшы”, – заахвоціў арцыбіскуп.
На заканчэнне іерарх павіншаваў вернікаў з Уваскрасеннем Хрыста.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі