З 29 па 31 сакавіка ў парафіі св. Тэрэзы Авільскай у Шчучыне адбыліся велікапосныя рэкалекцыі. Іх правёў ксёндз Уладзімір Аксенцьеў – пробашч парафіі св. Станіслава, біскупа, у Лядску (Шчучынскі дэканат).
Рэкалекцыйныя разважанні галоўным чынам прысвячаліся тром асноўным стаўпам каталіцкай веры: малітве, посту і міласціне.
Пачаліся рэкалекцыі днём споведзі. У гэты дзень на Імшы святар разважаў пра веру і вернасць Пану, а таксама пра малітву. Ён звярнуў увагу на тое, што вельмі часта людзі ў малітвах толькі просяць Бога аб чымсьці, забываючы пры гэтым падзякаваць Яму за дадзеныя ім ласкі. Таксама святар падзяліўся думкаю, што, каб быць больш эфектыўнай, малітва павінна быць сумеснай.
У другі дзень рэкалекцый ксёндз Уладзімір распавядаў на тэму посту. Ён патлумачыў, што пост – не толькі фізічная, але і духоўная дыета і што важна, каб чалавек, які посціцца, усведамляў, для чаго гэта робіць. Святар прывёў прыклад, як адна жанчына, якая прытрымлівалася посту і выконвала многія духоўныя практыкі, у адносінах да сваіх падначаленых была жорсткай і злой, усяго толькі таму, што была галоднай. “Наўрад ці яе пост быў шчыры”, – рэзюмаваў кс. Уладзімір.
У апошні дзень рэкалекцый разважанні былі засяроджаны на тэме міласціны. Як адзначыў святар, гэта самая складаная ўмова каталіцкай веры, таму што простаму чалавеку, якому па сваёй прыродзе ўласціва быць эгаістам, заўсёды шкада ахвяраваць сваім дабром.
Пасля святой Імшы вернікі прайшлі Крыжовым шляхам вуліцамі горада. Падчас працэсіі ксёндз Уладзімір разважаў пра мукі Пана Езуса, правёўшы паралелі паміж падзеямі таго і цяперашняга часоў.
Алег Мяткоўскi
Фота: Кацярына Кулiк