З 26 па 28 сакавіка ў парафіі св. Уладзіслава ў Суботніках (Іўеўскі дэканат) прайшлі велікапосныя рэкалекцыі.
Па запрашэнні пробашча парафіі кс. Аляксандра Лебядзевіча на працягу трох дзён разам з вернікамі разважаў над Божым словам сакратар Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага кс. Юрый Ясевіч.
Святыя Імшы ў межах рэкалекцый адбываліся ў касцёле св. Уладзіслава ў Суботніках, філіяльнай капліцы Хрыста Валадара Сусвету ў Жамыслаўлі, вёсках Васілевічы і Кудэйшы.
Галоўнай тэмай разважанняў быў грэх. У першы дзень рэкалекцый святар патлумачыў, што такое грэх, хто і што з’яўляюцца яго прычынай, звярнуў увагу, што, зграшыўшы, трэба прызнацца ў гэтым сабе і Богу, не баяцца ўзяць адказнасць за грэх.
Другі дзень быў насычаны разважаннямі аб сямі галоўных грахах. Мудрыя і простыя словы навукі дазволілі вернікам глыбока асэнсаваць свае паводзіны і падрыхтавацца да сакрамэнту пакаяння і паяднання.
Кожны дзень на працягу рэкалекцый можна было паспавядацца. Асаблівым жа часам для гэтага быў іх апошні дзень, калі ў святынях, дзе яны адбываліся, сабраліся святары дэканату, каб як мага больш людзей магло сустрэцца з Езусам Міласэрным у споведзі і падрыхтаваць свае сэрцы да велікодных святаў. На Імшах у гэты дзень кожную святыню напаўняла мноства вернікаў, жаданнем якіх было сустрэцца з Хрыстом у сакрамэнце пакаяння і прыняць Яго ў свае ўжо чыстыя сэрцы.
Разважанні гэтага дня былі прысвечаны сакрамэнту пакаяння. Як адзначалася, гэта адзін з самых цяжкіх сакрамэнтаў, прыступаць да яго неабходна з падрыхтоўкай, дабравольна, і нават калі прысутнічае пэўны страх, трэба памятаць, што ў споведзі мы сустракаемся з Божай Міласэрнасцю, што патрэбна адкрыць сэрца на Міласэрнасць Езуса.
Святар заклікаў прысутных не чакаць магчымасці распачаць навяртанне праз некалькі дзён ці тыдняў, а ўжо сёння прыйсці да споведзі і папрасіць у Бога прабачэння за грахі.
Падсумоўваючы трохдзённыя разважанні, кс. Юрый сказаў: “Няхай Пан Бог заўсёды нас бароніць, адорвае натхненнем, каб жаданне святасці было ў кожным чалавеку і каб мы заўсёды маглі рабіць першы крок у навяртанні”.
Вернікі і пробашч парафіі шчыра падзякавалі рэкалекцыяністу за мудрыя словы навукі і дні супольнай малітвы, а таксама пажадалі плённай і шчаслівай працы на Божай ніве.
Людміла Пясецкая