Skip to main content

 З удзелам вялікай колькасці духавенства ў Заневічах адбылося пахаванне спачылай Гэлены, мамы арцыбіскупа Станеўскага

2023 03 14 33332023 03 13 PahavanneУ панядзелак 13 сакавіка адбылося пахаванне спачылай мамы Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага Гэлены Станеўскай, якая адышла ў вечнасць у велікапосную пятніцу 10 сакавіка.

Пахавальная святая Імша цэлебравалася ў касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Яна Непамука ў Вялікіх Эйсмантах (Гродзенская дыяцэзія, Бераставіцкі дэканат).

Развітацца са спачылай, якая выгадавала арцыпастыра, прыбылі Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, біскупы Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB, а таксама каля паўтары сотні святароў з усіх дыяцэзій Беларусі, прадстаўнікі Грэка-Каталіцкай Царквы на чале з Апостальскім візітатарам архімандрытам Сяргеем Гаекам, дзясяткі кансэкраваных асоб і шматлікія вернікі, пераважна з наваколля і з Гродна.

Узначаліў цэлебрацыю, якая распачалася Ютранню за памерлую, малодшы сын спачылай Гэлены арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Вітаючы прысутных у святыні, ён патлумачыў, што, хоць іх роднай парафіяй з’яўляюцца суседнія Заневічы, аднак там святыня настолькі маленькая, што большасць людзей у ёй бы проста не змясцілася, як гэта адбылося 11 гадоў таму, калі там развітваліся з памерлым татам іерарха Рамуальдам. Арцыбіскуп дадаў, што касцёл у Вялікіх Эйсмантах таксама быў блізкі для яго матулі, бо калі заневіцкі пробашч ксёндз Юзаф Мацяеўскі з 1946 па 1954 год быў зняволены ў савецкіх лагерах, ёй нярэдка даводзілася бываць тут на святой Імшы.

2023 03 14 15152023 03 13 Pahavanne

Пахавальную гамілію прамовіў біскуп Кашкевіч. Шматгадовы пастыр Гродзенскай дыяцэзіі, які ўдзяліў арцыбіскупу Станеўскаму дыяканскае, прэзбітэрскае і біскупскае пасвячэнне, напачатку адзначыў, што «пры труне любай матулі ёсць боль і смутак, але няма роспачы, бо там стаіць крыж як знак нашай веры ва ўваскрашэнне». Іерарх дадаў, што ў гэтую хвіліну ўзнікае жаданне нават праз слёзы падзякаваць Богу за дар жыцця блізкай асобы, за кожны праведзены разам дзень, за ўспаміны, якія назаўжды застануцца ў сэрцы як найкаштоўнейшы скарб».

«Сёння, беручы ўдзел у Эўхарыстычнай Ахвяры, разам з арцыбіскупам Юзафам, яго роднымі і блізкімі, мы жадаем дзякаваць Богу за прыгожае жыццё святой памяці Гэлены», — сказаў біскуп Кашкевіч, заўважыўшы, што яно было няпростым: апаленае вайной дзяцінства, нястача і голад, часы пераследу веры…

2023 03 14 25252023 03 13 Pahavanne

«Святой памяці Гэлена вытрывала, не выраклася ні веры, ні традыцый, ані каштоўнасцяў, на якіх была выхавана і якія сталі для яе найкаштоўнейшай спадчынай», — падкрэсліў іерарх. Ён узгадаў таксама Рамуальда Станеўскага, тату арцыбіскупа, які «быў чалавекам глыбокай веры і непахісных прынцыпаў, любіў Бога панад усё і нязломна захоўваў вернасць Касцёлу».

Менавіта з такім надзейным чалавекам Бог злучыў лёс спачылай Гэлены, і «так узнікла цудоўная сям’я, у якой сужонкі жылі верай кожны дзень, верна трывалі пры Хрысце і Касцёле, падтрымлівалі адно аднаго і ўмацоўвалі ў цяжкія часы, каб захаваць вернасць тым каштоўнасцям, якія надавалі сэнс іх жыццю». Хоць гэта было «звычайнае і простае жыццё, якое нічым асаблівым не адрознівалася», паводле біскупа, яно было прыгожым і поўным, пазначаным Божым благаслаўленнем.

2023 03 14 27272023 03 13 Pahavanne

«Сужонкі Рамуальд і Гэлена пабудавалі сапраўдную сям’ю, моцную Богам. <…> Яны сталі настаўнікамі веры для сваіх дзяцей, а потым — для ўнукаў і праўнукаў», — сцвердзіў пастыр Касцёла Гродзенскай дыяцэзіі.

Напрыканцы святой Імшы свае спачуванні арцыбіскупу Станеўскаму, яго брату і сёстрам, а таксама ўсім родным выказалі прадстаўнік Папы Францішка ў нашай краіне Апостальскі нунцый Ёзіч і кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату біскуп Буткевіч, пасля чаго былі зачытаныя спачуванні ад арцыбіскупа эмэрыта Тадэвуша Кандрусевіча, біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі і ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандра Румака.

2023 03 14 11112023 03 13 Pahavanne

Дзякуючы ўсім за супольную малітву, арцыбіскуп Станеўскі ўзгадаў, што яго мама вучыла сваіх дзяцей перадусім быць «людзьмі сярод людзей» і што дзякуючы ёй яны ведалі пацеры нават раней за азбуку.

І тады, калі малодшы сын ужо стаў святаром, яна давала яму свае мацярынскія парады, якія адзначаліся простай і пабожнай жыццёвай мудрасцю. Мама таксама ў пажылым узросце цікавілася жыццём Касцёла і перажывала за сына, каб добра справіўся з даручаным яму адказным пастырскім заданнем, суправаджаючы яго сваёй шчырай малітвай.

2023 03 14 91912023 03 13 Pahavanne

Пасля абрадаў апошняга даручэння і развітання працэсія на аўтамабілях вырушыла ў Заневічы, дзе ў мясцовай святыні пры труне адбылася малітва Вяночка да Божай Міласэрнасці.

Там на могілках, што побач з касцёлам, у гадзіну, калі Езус сканаў на крыжы, сярод магіл продкаў і блізкіх спачыла цела Гэлены Станеўскай, каб разам з усімі памерлымі змёртвыхпаўстаць падчас другога прыйсця Збаўцы.

Паводле Catholic.by