4 сакавіка ў дыяцэзіяльным санктуарыі Каралевы нашых сем’яў у Тракелях адбылася малітоўная сустрэча ўдзельнікаў і кіраўнікоў парафіяльных груп руху “Маці ў малітве”, між іншым з Ліды, Воранава, Раготна.
Лейтматывам сустрэчы было тое, што кожная парафія – гэта сям’я, а ўсе хрысціянскія сем’і аб’ядноўвае адзіная Маці – Найсвяцейшая Дзева Марыя, і менавіта праз Яе рукі малітвы ўзносяцца да нябеснага Сына.
Сустрэча ўключала ў сябе святую Імшу, Крыжовы шлях, адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту і іншыя набажэнствы.
Імшу цэлебраваў кусташ санктуарыя кс. канонік Юрый Бяганскі.
“Дарагія маці, якія моляцца за сваіх дзяцей, − звярнуўся да прысутных святар, − ваша стаўленне – як адзін вялікі супраціў таму, што прынята лічыць мудрым у гэтым свеце. Вы, як ніхто іншы, ведаеце, на чым заснавана вымярэнне любові, любові маці да ўласнага дзіцяці. Недастаткова яго толькі зачаць і нарадзіць, недастаткова забяспечыць дзіцяці нармальнае развіццё, асабліва ў першыя гады яго жыцця. Вы ведаеце, што быць маці – гэта перш за ўсё любіць. А любіць – значыць “упісацца” ў любоў Хрыста да кожнага чалавека”.
Кусташ дадаў, што “гэта любоў, у якой перш за ўсё трэба паверыць, якой трэба даверыцца, якой трэба аддаць сябе і іншых, менавіта для таго, каб яна магла канчаткова перамагчы вечным шчасцем у доме Міласэрнага Айца”.
Святар падкрэсліў, што малітва маці мае вялікую моц; “нават калі не адразу ўсё ў жыцці змяняецца, з часам гэтая малітва прынясе вялізны духоўны плён”.
“Запрашайце Найсвяцейшую Панну Марыю на сваю малітву. Яна адзіная Маці, якая поўнасцю рэалізавала сваё мацярынства, давяраючы Богу сваё Дзіця”, – сказаў на заканчэнне кусташ.
Сустрэча ў Маці Божай Тракельскай стала для ўдзельнікаў руху ўмацаваннем веры і дала відавочны прыклад хрысціянскага адзінства.
Арганізатары і ўдзельнікі сустрэчы жадаюць, каб супольная малітва вернікаў была добрай падтрымкай для жанчын, якія імкнуцца ствараць хрысціянскія сем’і і выхоўваць дзяцей на высокіх маральных каштоўнасцях, духоўнай падтрымкай і дапамогай для тых маці, якія перажываюць цяжкія сітуацыі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі