23 лютага ў парафіі св. Міхала Арханёла ў Ашмянах прайшоў дзень засяроджання для святароў, якія служаць на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі.
Удзел у сустрэчы прынялі каля 60 святароў – дыяцэзіяльных і з манаскіх супольнасцяў, у першую чаргу з Ашмянскага, Астравецкага, Смаргонскага і Іўеўскага дэканатаў – на чале з біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам.
Прысутныя ўдзельнічалі ў набажэнстве Крыжовага шляху, якое правёў духоўны айцец святароў Гродзенскай дыяцэзіі а. Андрэй Шчупал CSsR. Таксама яны выслухалі канферэнцыю “Устанавіў дванаццаць, каб былі з Ім” (Лк 3, 14), з якой выступіў кс. Аляксандр Сямінскі, пробашч парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Кемелішках (Астравецкі дэканат).
Дакладчык падкрэсліў, што святары – тыя, хто адказвае за пашырэнне Божага Валадарства на зямлі, бо кожнага з іх Бог выбраў, каб яны былі з Ім і сведчылі пра Яго любоў.
“Усе мы, хоць і рознымі спосабамі, удзельнічаем у абвяшчэнні Добрай Навіны. Гэта нялёгка, але з дапамогай святла і моцы Духа Святога звязана з благаслаўленнем, якое дадае адвагі і сіл”, – адзначыў кс. Сямінскі.
У якасці ўзору ў абвяшчэнні Добрай Навіны і пашырэнні Божага Валадарства святар нагадаў пра бл. Міхала Сапоцьку, пра якога сам Езус сказаў св. Фаўстыне: “па Маім Сэрцы”.
Як заўважыў кс. Сямінскі, служэнне святара “павінна быць струменем, які ўліваецца ў супольную справу Хрыста і Яго абраннікаў”. Дакладчык заахвоціў прысутных паразважаць на парозе Вялікага посту над сваім жыццём і пакліканнем, “каб скрушыцца і навярнуцца са сваіх грахоў і занядбанняў, якія прыносяць шкоду Божай справе, Валадарству Хрыста на зямлі”.
Цэнтральнай падзеяй дня была святая Імша, якую ўзначаліў пастыр дыяцэзіі. Біскуп Аляксандр цэлебраваў Эўхарыстыю ў інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае Касцёл на Гродзеншчыне.
У гаміліі кс. Павел Раманоўскi, пробашч парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Граўжышках (Ашмянскі дэканат), казаў пра важнасць навяртання, да якога кліча Пан Езус у час посту – святы час дзеяння Яго ласкі.
Святар адзначыў, што “навяртанне засноўваецца на тым, каб згадзіцца, свабодна і з любоўю, што мы ва ўсім залежым ад Бога, нашага сапраўднага Створцы, залежым ад любові, і што гэта не залежнасць, а свабода”.
Ксёндз Раманоўскі дадаў, што святыя і благаслаўлёныя святары заахвочваюць сучаснае духавенства служыць парафіянам, родным, блізкім, Касцёлу сваёй малітвай і цярпеннем. “Гэта нас асвяціць, зробіць мілымі Богу, наблізіць нас і нашых блізкіх да Яго – крыніцы святасці”, – сказаў кс. Павел.
У канцы гаміліі ён заклікаў духавенства здзяйсняць Эўхарыстычную Ахвяру і ўсё сваё служэнне, разумеючы гэта як ахвяраванне разам з Хрыстом, “не як найміты ці, барані Божа, як агенты шатана, прабываючы ў цяжкім граху, а як верныя слугі і сябры Езуса, адданыя сыны Касцёла”.
Біскуп Гродзенскі падзякаваў усім прысутным за ўдзел у дні засяроджання, падкрэсліўшы неабходнасць такіх сустрэч, якія пазітыўна ўплываюць на будаўніцтва святарскага адзінства і з’яўляюцца добрай нагодай аднавіць сваё духоўнае жыццё.
Іерарх заклікаў святароў яшчэ больш старанна здзяйсняць служэнне ў сваіх парафіяльных супольнасцях, каб весці вернікаў да сустрэчы з Богам – міласэрным Айцом.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: кс. Юрый Марціновіч