19-20 лютага ў Гродне адбылася фармацыйная сустрэча для катэхетаў – святароў, законных сясцёр і свецкіх людзей – якія служаць у Гродзенскай дыяцэзіі.
Сустрэчу традыцыйна арганізаваў Аддзел каталіцкага навучання і выхавання Гродзенскай курыі.
У яе межах удзельнікам былі прадстаўлены тры канферэнцыі. З канферэнцыяй “Катэхет – апостал і вучань” выступіў а. Віктар Бохан CSsR з парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне. Ён між іншым звярнуў увагу на тое, што ў дзейнасці катэхета важна перш за ўсё самому быць вучнем. Галоўным сваім настаўнікам, па словах святара, трэба мець Езуса Хрыста, гэта дазволіць будаваць асабістыя адносіны з Богам як з Айцом і быць прыкладам для выхаванцаў.
Рэдэмптарыст падкрэсліў, што дзецям і моладзі вельмі важна бачыць, што катэхет не проста вучыць праўдам веры, а жыве гэтымі праўдамі сам: тады размовы пра Бога будуць успрымацца інакш.
У наступнай канферэнцыі кс. Віталій Сідорка, пробашч парафіі св. Юзафа Рамесніка і бл. сясцёр-мучаніц з Навагрудка, разважаў над тэмай “Асабісты пошук Бога як шлях даверу да вучэння Касцёла”.
Святар закрануў праблематыку неэфектыўнасці працэсу катэхізацыі. Ён адзначыў, што ў свеце, дзе развіваецца секулярызацыя, з якой вынікае павярхоўны падыход да жыцця, бацькі не заўсёды разумеюць важнасць катэхізацыі ў жыцці дзяцей, і існуе таксама недавер да Касцёла сярод католікаў.
Святар назваў важным у такіх умовах тое, каб урок рэлігіі ішоў у пары з асабістай сустрэчай з дзецьмі і моладдзю, у літаральным і пераносным сэнсе. Як дадаў ён, важна ў катэхізацыі ўмець проста быць побач з дзецьмі, пакідаць у іх дотык Бога, умець дакрануцца да іх сэрцаў, пакуль яны наведваюць урокі рэлігіі. Па словах святара, менавіта асабістае сведчанне, нефармальны час разам з катэхетамі, пілігрымкі, нейкія пабожныя акцыі часцей за ўсё памятаюць дарослыя, якія раней наведвалі катэхетычныя заняткі.
У межах двухдзённай сустрэчы была таксама адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, калі ўдзельнікі маглі прыступіць да споведзі.
Сустрэча завяршылася Імшой у рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. На Эўхарыстыі іерарх маліўся за ўсіх катэхетаў дыяцэзіі.
Гамілію прамовіў а. Аляксандр Махнач SchP, пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе. Спачатку ён прыгадаў словы Папы Францішка аб тым, што вучыць людзей любіць Хрыста – адна з найбольшых прыгодаў і што Хрыстус абяцаў заўсёды быць са сваімі вучнямі.
Святар адзначыў важнасць асабістай фармацыі катэхетаў і засяродзіў увагу на яе адзінаццаці фундаментальных прынцыпах.
На заканчэнне біскуп Кашкевіч падзякаваў удзельнікам за прыбыццё на гэтую сустрэчу на парозе Вялікага посту і за штодзённую катэхізацыю дзяцей і моладзі ў Гродзенскай дыяцэзіі. Іерарх выказаў удзячнасць арганізатарам сустрэчы – Аддзелу каталіцкага навучання і выхавання Гродзенскай курыі на чале з яе дырэктарам а. Андрэем Шчупалам CSsR.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі