Дарагія святары і вернікі Мінска-Магілёўскай Мітраполіі,
Кіруючыся клопатам і братняй салідарнасцю, інфармуем, што па выніках медыцынскіх даследаванняў, якія ў прафілактычных мэтах прайшоў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, урачэбны кансіліюм даў заключэнне аб неабходнасці правядзення аперацыі. З гэтай мэтай у бліжэйшы час арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у медыцынскім стацыянары пройдзе дадатковую дыягностыку, пасля чаго яму будзе зроблена аперацыя з наступным лячэннем і рэабілітацыяй, якія могуць заняць пэўны час.
У сувязі з гэтым звяртаемся да вас з гарачай просьбай аб малітве ў інтэнцыі паспяховага правядзення аперацыі і яе добрых выніках дзеля поўнага вяртання да здароўя арцыбіскупа эмэрыта Тадэвуша Кандрусевіча.
Спадзяемся, што ў выніку лячэння арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч як найхутчэй вернецца да здароўя.
Арцыбіскупа эмэрыта Тадэвуша Кандрусевіча і ўвесь медыцынскі персанал, які будзе пра яго клапаціцца, даручаем малітве вернікаў нашай Мітраполіі.
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
разам з біскупамі суфраганамі Мінска-Магілёўскай правінцыі Касцёла