Кусташ санктуарыя Гродзенскай дыяцэзіі Каралевы нашых сем’яў у Тракелях кс. канонік Юрый Бяганскі завітаў з віншаваннямі і падарункамі ў Лідскі радзільны дом, каб павіншаваць шчаслівых маці, якія нарадзілі першых у гэтым годзе дзяцей.
У перыяд Нараджэння Пана, з 24 снежня па 8 студзеня, у Лідскім раддоме прыйшлі ў свет 28 немаўлят: 12 хлопчыкаў і 16 дзяўчынак. З Воранаўскага раёна маці стала Кацярына Каневіч з Радуні, у якой нарадзілася дачка.
Хрысціяне ўспрымаюць нараджэнне дзіцяці як таямніцу і асаблівы дар. Па статыстыцы, пададзенай нямецкім фондам “Насельніцтва Зямлі”, кожныя 10 секунд нараджаецца 26 дзяцей. Значыць, разам з імі ў свеце з’яўляюцца і новыя мамы.
Асабліва ўсхваляванымі і радаснымі падчас візіту кусташа тракельскага санктуарыя былі матулі, для якіх такая ўвага аказалася нечаканай.
Звяртаючыся да жанчын, святар сказаў: “У створаным сусвеце Бог падарыў нам шмат цудаў, найбольшы з якіх – мама і нараджэнне дзіцяці. Любыя матулі! Вас выбраў і паклікаў да жыцця сам Пан Бог, бо Ён так хацеў і запланаваў. Як з першага дня нараджэння дзіцяці маці жыве яго дыханнем, яго слязьмі і ўсмешкамі, так і Божая Маці атуляе вас сваёй апекай. Яе дапамога можа быць і незаўважнай кожны дзень. Аднак, калі паглядзім назад, разумеем, што ўвесь гэты час над намі была Яе апека. Кожнаму дзіцяці знаёмыя рукі, што заўсёды благаслаўляюць; вочы, поўныя слёз, калі ніхто не бачыць, але вясёлыя ў прысутнасці гасцей; сэрца, якое заўсёды прабачае, бо шчыра любіць. Гэта рукі, вочы і сэрца Матулі”.
Кусташ адзначыў, што “Святое Пісанне кажа пра мацярынства як пра благаслаўленне і найважнейшае служэнне, якое заключаецца ў абавязку перадаваць веру дзецям з першых дзён іх жыцця”, і што “ва ўсе часы вернікі ўшаноўвалі Багародзіцу, якая стала прыкладам веры, надзеі і любові для зямных матуль; аб Яе апецы просяць бацькі падчас хросту дзіцяці”.
“Няхай вашы дзеці прыносяць вам радасць і суцяшэнне, а Маці Божая Тракельская атуляе сваім плашчом!” – пажадаў жанчынам святар.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі