Skip to main content

Сем’і сустрэлі Новы год у навагрудскім Назарэце

semji 11Ужо традыцыйна на мяжы старога і новага года сем’і з Асацыяцыі Святой Сям’і пры кангрэгацыі сясцёр назарэтанак сабраліся ў Навагрудку на рэкалекцыях.

У новы год Асацыяцыя Святой Сям’і ўвайшла з далучэннем новых членаў. Яна павялічылася на дзве сям’і.

Тры дні, якія сужэнцы з дзецьмі правялі разам, былі прысвечаны малітве, адпачынку, разважанню над сваім жыццём. Ім дапамагалі пробашч мінскай парафіі cв. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Maрыі Кольбэ кс. Алег Шпець TChr, які правёў рэкалекцыі, i сёстры назарэтанкі.

У першы дзень сустрэчы, калі адзначалася свята Святой Сям’і, удзельнікі мелі магчымасць аднавіць сужэнскія абяцанні, а назарэтанкі – манаскія абяцанні.

Як падкрэсліла адна з удзельніц, Ірына, у гэты Новы год яе сям’я, якая далучылася да асацыяцыі, атрымала асаблівы і вельмі каштоўны падарунак.

semji 7

“Гэта не было на самай справе лёгкім рашэннем, было шмат перажыванняў і сумніваў, асабліва ў мяне. Я перажывала, што такая адказнасць мне не па плячах, але на святой Імшы прыйшло разуменне, што гэта наш натуральны і патрэбны шлях”, – дадае жанчына.

Ірына адзначае, што глядзела на выяву сясцёр-мучаніц і менавіта ў той момант зразумела, што ім таксама было страшна, балюча і яны, хутчэй за ўсё, сумняваліся ў сваім рашэнні, але вялікая любоў да Бога і людзей была нашмат большай за перажыванні.

“Я не ведаю, ці будзе калі-небудзь у мяне ў сэрцы хоць мізэрная частка такой любові, але хочацца верыць, што атрымаецца адчуць яе іскрынку”, – кажа яна.

Таксама ўдзельнікі адзначаюць, што сустрэчы Новага года ў сясцёр назарэтанак асабліва чакаюць дзеці: “Калі ў першыя гады дзеці не заўсёды хацелі, то ў гэтым годзе чакалі з радасцю, пыталіся, хто будзе, што будзем рабіць увечары”.

Андрэй, які са сваёй сям’ёй ужо па традыцыі сустракае Новы год у назарэтанак, падкрэслівае, што не ўяўляе іншага месца, дзе б хацелася святкаваць. “Еду туды, каб адчуць блізкасць з людзьмі, падобнымі да нас, і разумею, што гэта заўсёды не марна праведзены час. Што гэта вельмі правільна, сустрэць Новы год, дзякуючы Богу і людзям”, – дадае ён.

semji 2

Дачка Андрэя Ева ў захапленні ад гэтых рэкалекцый: “Вельмі класна, што наш нябесны Тата дае нам такую цудоўную магчымасць падзяліцца гэтым святам адно з адным, бо мы і робім яго асаблівым. Так, мы адзначаем яго не як усе, але гэта і робіць яго найлепшым”.

Сярод удзельнікаў былі і тыя, якія ўпершыню святкавалі такім чынам Новы год і былі глыбока ўражаны гэтым. “Я чакала чаго заўгодна, але столькі цудаў за тры дні ніяк не чакала”, – прызнаецца адна з жанчын.

Сужэнцы адзначаюць, што пасля канферэнцый, выслуханых на сустрэчы, нарэшце зразумелі, у чым іх праблемы: чаму, нават у вялікай кватэры, ім мала месца, не хочацца ў ёй быць, чаму ў ёй немагчыма знайсці месца для зацішку, – “аказалася, у нас цалкам размыты ўсе межы”.

“Мы не сталі доўга чакаць і ўжо ў дарозе дадому пачалі прымяняць атрыманыя веды”, – дадаюць удзельнікі.

Па іх словах, на гэтым яны не спыніліся: прыехаўшы дадому, зачынілі ўсе дзверы, якія павінны быць зачынены, прыбралі са спальні тэлевізар, у іх саміх і дзяцей з’явіліся новыя абавязкі, якія яны стараюцца выконваць.

“Чамусьці мне здаецца, што калі нам хопіць цярплівасці і любові захоўваць новыя правілы, наша жыццё стане нашмат лягчэйшым, лепшым і ў ім з’явіцца шмат часу на добрыя справы”, – разважае адна з удзельніц.

Aсацыяцыя Святой Сям’і адкрыта на прыняцце ў свае шэрагі новых сем’яў. Як кажуць тыя, хто да яе належыць, сем’і Назарэта – гэта нейкі іншы свет, у іх таксама свае цяжкасці, але вырашаюцца яны інакш. Нягледзячы ні на што, гэтыя сужэнцы адкрытыя, не баяцца казаць пра свае пачуцці і перажыванні, што сустракаецца сёння рэдка, таму, напэўна, размовы ў Навагрудку заўсёды плённыя, шчырыя і патрэбныя.

Удзельнікі дзякуюць арганізатару сустрэчы с. Марыяне Алешчык CSFN за тое, што яна вельмі хутка знаходзіць у кожным уменні і дапамагае іх раскрыць, не баіцца давяраць, і за веру ў іх.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі