7 верасня 2025 года ў Рыме Папа Леў XIV здзейсніў кананізацыю благаслаўлёнага Карло Акуціса. У сувязі з гэтым Камісія Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі паведамляе, што ў Каталіцкім Касцёле на Беларусі па ініцыятыве кс. Мікалая Ліпскага – пробашча парафіі св. Марыі Магдалены ў Новалукомлі (Віцебская дыяцэзія), створаны спеў у гонар новага святога.
Асаблівая падзяка выказваецца Марыі Ючкавіч (за словы спеву) і Ганне Шакола (за музыку), якія сваім талентам і адданасцю дапамаглі стварыць годны гімн у гонар Карло Акуціса.
Камісія Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў апрабуе выкарыстанне дадзенага спеву падчас літургічных цэлебрацый у гонар будучага святога.
Благаслаўлёны Карло Акуціс нарадзіўся 3 мая 1991 года ў Лондане, вырас у Мілане, памёр 12 кастрычніка 2006 года, ва ўзросце 15 гадоў, ад складанай формы лейкеміі. 10 кастрычніка 2020 года ў Асізі адбылася яго беатыфікацыя, ён быў абвешчаны апосталам Эўхарыстыі і нябесным апекуном евангелізацыі ў інтэрнэце.
Благаслаўлёны Карло вылучаўся тэхнічным талентам – яшчэ падлеткам ён распрацоўваў вэб-сайты для касцёльных устаноў, – а таксама гатоўнасцю дапамагаць і моцнай верай. Тым, што адрознівала яго ад аднагодкаў, была ягоная глыбокая сувязь з Хрыстом і адданае служэнне евангелізацыі.
Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB
Старшыня Камісіі Божага Культу
і Дысцыпліны Сакрамэнтаў
пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Ноты для спеву «Святы Карло Акуціс» можна спампаваць ТУТ>>>
Аўдыёверсію MP3 спеву ў выкананні гурта «Братка Беларус» можна спампаваць ТУТ>>>