4 верасня ў навагрудскім касцёле Перамянення Пана – дыяцэзіяльным санктуарыі – адбылася ўрачыстая Імша з нагоды літургічнага ўспаміну назарэтанак-мучаніц з Навагрудка, які адзначаецца ў гэты дзень.
Літургію ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, у цэлебрацыі ўдзельнічаў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.
Рэктар касцёла Перамянення Пана кс. Ян Балтрукевіч у пачатку літургіі нагадаў, што сёлета адзначаецца 25-я гадавіна з часу беатыфікацыі навагрудскіх мучаніц і 150-я – з часу заснавання Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта.
Арцыбіскуп Станеўскі сказаў, што благаслаўлёныя назарэтанкі-мучаніцы сваім прыкладам “дадаюць нам бадзёрасці і суцяшэння”. Іерарх заклікаў маліцца за сённяшніх сясцёр назарэтанак, каб яны бралі прыклад са сваіх благаслаўлёных папярэдніц, маліцца аб новых пакліканнях да манаскага жыцця, а таксама за Навагрудак.
Біскуп Уладзімір Гуляй у гаміліі адзначыў: “Дваццатае стагоддзе было перыядам вельмі цяжкім і складаным. Страшэнная лютасць і нянавісць дасягнулі ў ім гіганцкіх маштабаў. У той жа час мелі месца сведчанні вялікай любові, выдатныя прыклады гераізму”. Такім прыкладам іерарх назваў учынак благаслаўлёных навагрудскіх назарэтанак.
“Жыццё сясцёр-мучаніц было сканцэнтравана на асобе Хрыста. Яно вынікала з назарэтанскай духоўнасці і харызмы гэтай супольнасці, у якой любоў да Збаўцы атаясамлівалася з любоўю да Касцёла і братоў. Любоў да Касцёла сёстры выказвалі па-рознаму. Быў штодзённы клопат аб становішчы касцёла Перамянення Пана, так званай Белай Фары. Было таксама разуменне таямніцы сакрамэнтальнага святарства і вялікая пашана да тых, хто абраны для ўдзялення Божых ласкаў, якія перадаюцца праз сакрамэнтальнае служэнне. Любоў сясцёр да бліжняга выяўлялася ў іх служэнні сям’і і моладзі. Сярод насельніцтва Навагрудка, вельмі рознага ў плане культуры і веравызнання, сёстры былі сімвалам адзінства і Божай дабрыні да ўсіх людзей”, – заўважыў біскуп.
Нагадваючы пра ахвяру, якую назарэтанкі прынеслі, аддаўшы падчас Другой сусветнай вайны сваё жыццё за іншых людзей, іерарх сказаў: “Яны шукалі выратавання і збаўлення сем’яў парафіі, святара, нявінных людзей. Іх дар стаў зернем, якое ўпала ў гэтую зямлю і да сёння прыносіць плён”.
Па словах біскупа, любоў назарэтанак “была не звычайнай эмоцыяй, а свабодным выбарам, плёнам шматгадовай малітвы, адарацыі, штодзённай вернасці малым справам”. “Гераізм раптам не нараджаецца — ён вырастае са штодзённай ахвярнасці: звычайных дзяжурстваў у шпіталі, ціхага служэння ў школе, умення слухаць чужы боль. Калі надышоў момант, гэтая любоў ужо была гатовая”, – дадаў біскуп. Важным ён назваў і тое, што назарэтанкі “аддалі жыццё не супраць кагосьці, а за кагосьці”: “Мучанік — не той, хто ненавідзіць, а той, хто любіць да канца”.
“У час вайны, якая прыносіць хаос, страх і спакусу ратавацца любой цаной, яны маглі б адступіць, знайсці “рацыянальныя” апраўданні, але засталіся на варце: ля алтара, ля сем’яў, ля святара, у супольнасці, якая была ім даручана. Іх вернасць — гэта крыж у канкрэтнай гісторыі”, – сказаў біскуп. Сённяшніх хрысціян ён заахвоціў быць вернымі малітве, сям’і і сакрамэнту сужэнства – “калі цяжка прабачыць”, праўдзе – “калі прасцей маўчаць”, а таксама служэнню – “калі не бачым хуткага плёну”.
Мучаніцтва біскуп назваў “выразам надзеі”. “Мучанікі не баяцца смерці не таму, што не адчуваюць страху, а таму, што ведаюць больш: смерць — не апошняе слова. Надзея, якую мелі нашы благаслаўлёныя сёстры, была ўкаранёна ў веры ва ўваскрасенне, у перакананні, што апошняе слова заўсёды за Богам, за жыццём, – адзначыў іерарх. – Надзея не адмяняе слёз, але дае сэнс кожнай слязінцы. Ці ёсць у нас такая надзея?”
Біскуп заклікаў вернікаў здзяйсняць сумесную малітву дома (“хаця б “Ойча наш” і благаслаўленне перад пасілкамі, як рабілі нашы продкі”), удзельнічаць у нядзельнай Эўхарыстыі – “сэрцы сям’і”, прабачаць (“не дазваляйце злосці начаваць у вашым доме”), дапамагаць адзін аднаму пераносіць выпрабаванні (“гэта штодзённае мучаніцтва любові, якое будуе сапраўднае шчасце”).
Звяртаючыся да сённяшніх назарэтанак, іерарх сказаў, што іх благаслаўлёныя папярэдніцы “сведчаць: манаскія абяцанні чыстасці, убоства і паслухмянасці – не адмова, а вольнасць для любові”, а святарам нагадаў, што прыклад навагрудскіх мучаніц “заклікае быць блізка да людзей, не пакідаць аўчарню, асабліва ў ноч выпрабавання”.
“Хоць не ўсе мы пакліканы да мучаніцтва, але ўсе мы пакліканы да любові, якая гатовая да ахвяры, – падкрэсліў біскуп. – Гэтая любоў павінна прысутнічаць у кожным нашым дзеянні, ва ўсіх нашых адносінах, у кожным моманце нашага жыцця. Паглядзіце вакол: шмат людзей якія побач, маюць патрэбу ў слове, хлебе, у вашай увазе. Гэта і ёсць нашыя “малыя мучаніцтвы” любові”.
У канцы літургіі настаяцельніца Беларускай правінцыі Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта с. Філатэя Ціхановіч выказала пажаданне, каб прыклад навагрудскіх мучаніц натхняў сённяшніх людзей і каб благаслаўлёныя назарэтанкі прасілі Бога дапамагчы сучасным хрысціянам быць вернымі свайму пакліканню.
Прысутныя памаліліся перад саркафагам з рэліквіямі навагрудскіх мучаніц, які знаходзіцца ў бакавой капліцы касцёла.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі