З 27 па 29 снежня ў араторыі імя святога Яна Боско пры парафіі святога Міхала Арханёла ў Смаргоні быў арганізаваны зімовы адпачынак для дзяцей на тэму “Святая Сям’я”.
На працягу трох дзён дзеці паглыблялі свае адносіны з кожным членам сям’і. Яны разважалі пра Марыю і сваю маму, Юзафа і свайго тату, Дзіцятка Езуса і ролю кожнага ў сям’і. Таксама яны параўноўвалі сваю сям’ю са Святой Сям’ёй, думаючы пра тое, чаму яшчэ трэба навучыцца ў кожнай сям’і.
Праз удзел у святой Імшы, гульню, працу ў групах, цікавыя забаўляльныя моманты дзеці маглі добра правесці час.
У апошні дзень адпачынку дзеці завіталі з калядой у дом ксяндзоў салезіянаў і дом сясцёр салезіянак, якія служаць у смаргонскай парафіі. Маленькія парафіяне з захапленнем спявалі, танчылі, неслі радасць Божага Нараджэння.
На заканчэнне арганізатары падрыхтавалі для іх слоўка, у якім было падкрэслена, што Бог кожнаму з нас дае падарунак, а адзін з гэтых падарункаў – наш дом, нашая сям’я, якой трэба вельмі ганарыцца і клапаціцца, каб там былі сапраўдная еднасць і любоў.
Кожнае дзіця атрымала салодкі сюрпрыз.
Яна Страшынская