Skip to main content

Віншаванні біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча на свята Божага Нараджэння і Новы год

kaszkewiczУмілаваныя ў Хрысце Пану Браты і Сёстры! Дарагія Вернікі нашай дыяцэзіі!

Апошнія тыдні, якія мы перажывалі, адзначаліся вялікімі намаганнямі і працай. Мы прыводзілі ў парадак свае дамы, рабілі генеральную ўборку. Кожная гаспадыня дома клапацілася аб тым, каб прыгатаваць урачыстую вігілійную вячэру і парадаваць сваіх хатніх смакам традыцыйных страваў.

Рыхтаваліся мы і духоўна. Нашы святыні былі напоўнены вернікамі, а найперш дзецьмі і моладдзю, якія пад спеў адвэнтавых песень ішлі ў працэсіі, трымаючы запаленыя ліхтарыкі. Разам з Марыяй мы чакалі гэтага моманту. Яна стала нашай асаблівай Правадніцай, Яна распавядала нам, як падрыхтаваць сваё сэрца да прыйсця Божага Сына.

agon 45

Бэтлеемскі агонь міру чарговы раз прыбыў да нас з Пячоры Нараджэння Езуса Хрыста. Там нарадзілася – як піша св. Ян – праўдзівае Святло, што асвятляе кожнага чалавека, калі прыходзіць у свет. Бэтлеемскі агонь міру наблізіў да нас яшчэ больш атмасферу гэтых радасных святаў.

Менавіта з гэтага месца, якое стала непасрэдным сведкам нараджэння Езуса Хрыста, сыходзіць сёння тэрміновы заклік да кожнага з нас, да людзей добрай волі, а таксама да тых, хто ўсё яшчэ шукае праўды і сэнсу жыцця. Усе мы – ад найменшага да найбольшага – пакліканы да будаўніцтва міру. Мы павінны ўносіць гэты мір у нашы сэрцы, у нашы сем’і, грамадства, паўсюль, дзе мы жывем, дзе мы ёсць, каб чалавецтва прыняло пасланне міру, якое нясе Божае Нараджэнне!

Mы молімся ў гэты час асабліва за тыя месцы, дзе ідуць канфлікты і дзе пакутуюць нявінныя людзі. Просім, каб народжаны Езус, Князь супакою, адорваў усіх супакоем сэрца, шчырай любоўю, сардэчным позіркам, каб усе людзі на зямлі здолелі супольна шукаць шляхоў любові і міру.

Няхай гэтыя мае словы, поўныя пастырскай любові разам з пажаданнямі моцна чаканага міру, дойдуць ва ўсе куткі нашай дыяцэзіі, да тых, хто цешыцца ласкай веры, і да тых, хто працягвае шукаць праўды і любові.

Няхай гэта будуць святы паяднання, бо хто дзеліцца аплаткай, хлебам, той ніколі не кіне ў іншага чалавека камень.

Няхай гэта будуць таксама святы любові, таму што Бог з любоўю паслаў свайго Сына, каб Ён нас збавіў. Ён вучыць нас гэтай любові, каб і мы любілі адзін аднаго, як Ён нас палюбіў.

zyczenie

Умілаваныя ў Хрысце Пану Браты і Сёстры!

Мы зноў перажываем таямніцу Божага Нараджэння, якое нясе свету збаўленне, а ўсім людзям – радасць і мір. Станем з пастухамі перад стаенкай, каб разам з Марыяй сустрэць чаканага народамі Адкупіцеля чалавека. А ў нованароджаным Дзіцяці, спавітым і пакладзеным у яслі, прывітаем Бога, які прыходзіць, каб наведаць нас і накіраваць нашы крокі на шлях спакою.

Даручаючы вас апецы Багародзіцы, якая нарадзіла свету Збаўцу, дзялюся з вамі традыцыйнай аплаткай і да віншаванняў далучаю благаслаўленне ў імя Айца, i Сына, i Духа Святога. Амэн.

Аляксандр Кашкевіч

Біскуп Гродзенскі

Гродна, Божае Нараджэнне 2022 г.

Тэкст для друку ТУТ>>>

Тэкст па-польску ТУТ>>>