Skip to main content

80-годдзе мучаніцтва дзвюх благаслаўлёных законніц адзначылі ў Слоніме з удзелам біскупа Кашкевіча

slonim 918 снежня ў касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Слоніме ўшанавалі памяць мучанікаў ІІ Сусветнай вайны, сярод якіх благаслаўлёныя сёстры Ева Наішэўская ад Провіду i Марта Валоўская ад Езуса.

Сёлета адзначаецца 80-я гадавіна мучаніцкай смерці гэтых законніц з Кангрэгацыі Сясцёр Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Святую Імшу цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, у ёй удзельнічалі святары і шматлікія вернікі Слоніма. Прысутныя дзякавалі Богу за сведчанне сясцёр Евы і Марты, а таксама многіх іншых людзей, якія пакінулі для наследвання прыгожы прыклад адвагі.

У гаміліі а. Юрый Катовіч OFMCap, пробашч парафій св. апостала Андрэя ў Слоніме і Найсвяцейшай Панны Марыі Каралевы Супакою ў Альбярціне, узгадаў жыццёвы шлях дзвюх благаслаўлёных сясцёр. Другая сусветная вайна і акупацыя сталі для іх сур’ёзным выпрабаваннем. Сёстры былі вымушаны хавацца, здымаць са сцен кляштара абразы і іншыя прадметы культу, каб не абуджаць падазрэнняў і не звяртаць на сябе лішняй увагі.

slonim 2

Сціплыя і заўсёды гатовыя дапамагчы, законніцы падтрымлівалі патрабуючых, галадаючых, сем’і вязняў і забітых, хавалі на тэрыторыі кляштара яўрэяў. Сёстры таемна дапамагалі людзям, якія хаваліся ў лясах каля Слоніма і прыходзілі ў кляштар, каб атрымаць ежу, бінты, лекі, медыцынскую кансультацыю. Манахінь шматразова перасцерагалі аб небяспецы, якая ім пагражае, аднак яны не спынялі сваю дзейнасць.

Ноччу 18 снежня 1942 г. нацысты ўварваліся ў кляштар і арыштавалі абедзвюх сясцёр. На досвітку наступнага дня на Петралевіцкай гары манахінь расстралялі разам з некалькімі сотнямі іншых арыштаваных, скінуўшы целы ў агульную магілу.

Ахоўнікі, якія былі сведкамі апошніх хвілін жыцця арыштаваных, расказвалі пазней, што сёстры да самага канца не спынялі малітву і прасілі астатніх трымацца. Непасрэдна падчас расстрэлу с. Марта паспела сказаць: “Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што чыняць”.

slonim 7

Біскуп Аляксандр Кашкевіч на заканчэнне Імшы падзякаваў кс. Ігару Анісімаву, пробашчу парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, і братам капуцынам, якія служаць у слонімскай парафіі св. апостала Андрэя, за захаванне памяці мучанікаў нашай зямлі і садзейнічанне пашырэнню іх культу.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне заахвоціў усіх прысутных трываць з Хрыстом, як благаслаўлёныя сёстры Ева і Марта, не баючыся прынесці ў ахвяру найкаштоўнейшы дар – сваё жыццё.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі