11 снежня ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях адбылася малітва ў інтэнцыі людзей, якія ахвяравалі воты ў выглядзе сярэбраных сэрцаў у знак веры і ўдзячнасці за атрыманыя ласкі аздараўлення фізічнага і духоўнага характару, выслуханыя просьбы і пачутыя малітвы.
Раней, 24 лістапада, у санктуарыі побач з цудатворным абразом Маці Божай была змешчана сярэбраная ружа, якую кусташ санктуарыя кс. канонік Юрый Бяганскі з нагоды 15-й гадавіны святарства ахвяраваў Панне Марыі з вялікай любоўю і падзякай за Яе прысутнасць у яго жыцці і матчын клопат.
Гэтым прыгожым жэстам з яго боку, актам веры і самаахвярнасці, святар выказаў надзею і жаданне, каб гэты знак пашаны спрыяў памнажэнню велічы санктуарыя – месца, якое з’яўляецца апорай каталіцкай веры на Гродзеншчыне, – і каб культ Матулі Тракельскай яшчэ больш пашыраўся.
Як адзначыў кс. Юрый Бяганскі, Божыя ласкі – гэта не багацце, прызнанне ці высокааплатная праца, гэта пакута і выпрабаванні, праз якія чалавек ачышчаецца і вучыцца любіць, вучыцца прызнаваць сваю грахоўнасць і мізэрнасць і праз усё гэта здабывае здольнасць цалкам давярацца Хрысту.
У Тракелях спакон веку ўшаноўвалі Дзеву Марыю, якая стала для вернікаў Каралевай сем’яў. Яна дзейнічае ў сваім Касцёле ад пачатку яго існавання і дапамагае ўсім, хто ў пакоры і веры аддае Ёй свае клопаты.
Колькасць вотаў у тракельскім санктуарыі пастаянна павялічваецца, гэта ўжо становіцца традыцыяй, якую варта не толькі падтрымліваць, але і пашыраць.
Калі ў вас ёсць жаданне зрабіць падарунак Панне Марыі, гэта можна зрабіць праз воты, якія можна набыць у санктуарыі.
Звяртацца да кс. Юрыя Бяганскага па тэлефоне:
+375 29 289 36 38
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі