З 9 па 11 снежня ў парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні прайшлі адвэнтавыя рэкалекцыі. Духоўным кіраўніком рэкалекцый стаў брат Сяргей Мацюшонак OFMСap, пробашч парафіі св. Валянціна ў Смалявічах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія).
Пачаліся рэкалекцыі раратняй Імшой, на якой пробашч кс. Артур Ляшнеўскі SDB прывітаў рэкалекцыяніста і даверыў яму парафіяльную супольнасць для духоўнага прасвятлення. Брат Сяргей прамовіў навуку да прысутных на Раратах дзяцей, у якой закрануў пытанне веры: чым яна з’яўляецца і як можа праяўляцца ў жыцці. На наступных Імшах тэма веры была пашырана і ўзбагачана прыкладамі з жыцця рэкалекцыяніста.
У той жа дзень у парафіі адбылося трохгадзіннае пакутнае набажэнства пры выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнце. Падчас набажэнства святары Смаргонскага дэканату ядналі вернікаў з Богам у канфесіяналах. Вечарам адбылася навука для сем’яў парафіі, падчас якой брат Сяргей закрануў тэму нараджэння дзяцей і шматдзетнасці як плоду веры.
Другі дзень рэкалекцый быў прысвечаны тэме “Касцёл”. Рэкалекцыяніст патлумачыў, што такое Касцёл і дзе ў святыні рэальна прысутнічае Бог. Таксама ў гэты дзень адбыліся навукі для жанчын і моладзі. Звяртаючыся да жанчын, брат Сяргей падкрэсліў, кім яны з’яўляюцца ў сям’і: “Калі галава – мужчына, то жанчына – гэта карона на галаве, якая ўпрыгожвае мужчыну і робіць яго больш вартым”. Падчас навукі для моладзі ў араторыі рэкалекцыяніст распавёў гісторыю свайго паклікання і падкрэсліў важнасць пошуку ў жыцці Божай волі.
Трэці дзень рэкалекцый прысвячаўся тэме “Эўхарыстыя”. У казаннях брат Сяргей засяродзіў увагу на вартасці плённага перажывання святой Імшы, дапоўніўшы свае разважанні досведам балівійскай містычкі Каталіны Рывас, якая бачыла, як глыбока перажываюць Эўхарыстыю Божая Маці і анёлы-ахоўнікі. У гэты дзень рэкалекцыйныя навукі мелі магчымасць паслухаць таксама вернікі ў Залессі.
Завяршэннем рэкалекцый была навука для мужчын парафіі. У ёй брат Сяргей закрануў “балючыя кропкі” мужчын: сэксуальнасць, алкагалізм, страта ідэнтычнасці і вядучай ролі ў сям’і.
Кс. Артур Ляшнеўскі SDB