Skip to main content

Цікавая старадаўняя капліца дзейнічае ў Ятаўтавічах

kaplica 1У вёсцы Ятаўтавічы на Іўеўшчыне дзейнічае капліца з больш чым двухсотгадовай гісторыяй – цікавая сведка мінулага.

Як паведамляе іvyenews.by, назва вёскі Ятаўтавічы паходзіць ад прозвішча яе ўладальніка. У канцы ХVI стагоддзя яна належала Шчаснаму Ятаўтавічу.

У 1764 годзе фальварак Ятаўтавічы быў набыты шляхецкім родам Гурскіх. На картах Расійскай імперыі ХІХ ст. бліз вёскі пазначана месцазнаходжанне панскага двара з аднайменнай назвай – Ятаўтавічы. Зразумела, што, акрамя панскага дома, там былі і іншыя пабудовы: напрыклад, дамы для слуг, гумны, стайня, мог быць млын, ну і, зразумела, вельмі часта былі капліцы. Узгадванне аб першай капліцы датуецца 1786 годам. Зазначана, што Ганна Гурская размясціла яе на першым паверсе свайго сядзібнага лямуса. Набажэнствы ў ёй праводзіліся зрэдку. Прыязджалі сюды манахі бэрнардыны з іўеўскага кляштара.

Сын Ганны Антоній Гурскі, стараста вікшнянскі, на тэрыторыі сядзібы вырашыў пабудаваць асобную капліцу. 20 мая 1811 года ксёндз канонік інфлянскі Томаш Давід Шаняўскі Юноша, пробашч іўеўскай парафіі і дэкан Вішнеўскага дэканату, асвяціў месца пад яе будоўлю і паклаў першы камень-парог. Узводзілася капліца пад тытулам Сэрца Езуса і святога Антонія. А ўжо 20 жніўня таго ж года капліца была гатовая. Біскуп Еранім Страйноўскі выдаў індульт на цэлебрацыю святой Імшы.

Праўдападобна, што першапачаткова гэта была звычайная сядзібная капліца, а могільнік вакол яе з’явіўся пазней. Згодна даследванням Аляксея Ігнатовіча, навуковага супрацоўніка Даўгапрудненскага гісторыка-мастацкага музея, пасля смерці Антонія Гурскага, а памёр ён, як зазначана ў дакументах, 13 лістапада 1818 года, уладальнікам Ятаўтавіч стаў Ігнацый Межыньскі, суддзя Ашмянскага павятовага суда. Дарэчы, сам Антоній, як і яго маці Ганна, пахаваны на могілках айцоў бэрнардынаў у Іўі (так называўся могільнік ля касцёла святых апосталаў Пятра і Паўла). Магіла Антонія захавалася па сённяшні дзень.

У маі 1825 года Ігнацый Межыньскі купіў маёнтак у нашчадкаў Антонія Гурскага. Памёр Ігнацый у 1833 годзе і, згодна з дакументам, пахаваны быў пры капліцы ў Ятаўтавічах. Магчыма, гэтае пахаванне і было першым.

9 красавіка 1834 года маёнтак Ятаўтавічы з усімі вёскамі, якія ў яго ўваходзілі – Ятаўтавічы, Родзевічы, Гуршчызна, Паболі, Валькі, – атрымала ў пажыццёвае валоданне жонка Ігнацыя Гелена Межыньская з роду Лункевіч.

Пазней яна выйшла замуж за Адама Рымашэўскага. Шлюб Адама і Гелены адбыўся 25 чэрвеня 1935 года ў ятаўтавіцкай капліцы. Гелена валодала маёнткам да самай смерці. Па дадзеных “Слоўніка геаграфічнага Каралеўства Польскага і іншых славянскіх зямель” 1880-1914 гг., у 1866 г. у Ятаўтавічах пражывалі 84 чалавекі, і належалі яны да іўеўскай парафіі.

kaaplica 1

Каля 1898 г. маёнтак быў падзелены. Сёння пацвярджэннем яго існавання засталася капліца Сэрца Езуса і святога Антонія, хаця ў апошні час імя св. Антонія пры яе менаванні не ўзгадваецца. Як капліца іўеўскай парафіі яна занатавана ў актах візітацыі за 1818-1830 гг., у справаздачы аб стане Вішнеўскага дэканату за 1844 г. і ў спісах дзеючых капліц у Віленскім дэканаце ў 1824 і 1871 гадах.

У дакументах 1902 года зазначана, што яна адноўлена, знаходзіцца ў добрым стане, ёсць арган. Чарговы рамонт у 1908 годзе быў выкананы пробашчам іўеўскай парафіі кс. Нікадзімам Тарасевічам. Ім жа пасля доўгага перапынку зноў былі ўзноўленыя набажэнствы. Добры стан будынка быў пацверджаны ў 1911 годзе, а ўжо ў 1923 годзе адзначалася неабходнасць рамонту даху. Капліца ў гэты час яшчэ адносілася да іўеўскай парафіі. У 1930 годзе разглядалася магчымасць яе аднясення да юрацішкаўскай парафіі. Тады капліца засталася пры іўеўскай парафіі, але праз 5 гадоў усё ж адышла да новаўтворанай парафіі ў Юрацішках. Адміністратар гэтай парафіі кс. Антоній Твароўскі ў 1938 годзе зрабіў грунтоўны рамонт капліцы: была заменена ашалёўка, дах пакрыты гонтам, а вежа – бляхай.

Падчас Другой сусветнай вайны капліца не была пашкоджана, нягледзячы на тое, што ў лютым 1943 года стала сведкай спалення ў гумне, якое знаходзілася недалёка, 96 жыхароў вёскі. Полымя знішчыла і ўсе будынкі. У пасляваенны час вёска адрадзілася. Стараннямі жыхароў вёсак Ятаўтавічы, Родзевічы, Гуршчызна, Паболі і выхадцаў з іх каплічка падтрымлівалася і падтрымліваецца ў належным стане, хоць у часы савецкай атэізацыі гэта было вельмі складана.

Жыхарка в. Гуршчызна Марыя Браніславаўна Куц памятае, што ў савецкі час капліца прыйшла ў заняпад, дах цёк, неадкладна трэба было знайсці іншы кровельны матэрыял і замяніць гонт. У 1969-1970 гадах жыхары вёсак, якія раней належалі да маёнтка Ятаўтавічы, сабралі грошы на рамонт даху. Эдвард Валяр’янавіч Захар, які пражываў у Гуршчызне, знайшоў месца, дзе можна было набыць бляху, і дамовіўся з шафёрам, які прывёз яе. Накрыць капліцу згадзіўся Сянкевіч, чалавек з в. Більмоны. Праца вялася толькі ўначы. Побач ідзе дарога Іўе-Юрацішкі, таму людзі баяліся, што хтосьці з праязджаючых можа данесці ўладам і тыя забароняць праводзіць рамонтныя работы. Калі дах быў перакрыты, паўстала пытанне аб рамонце ўнутры.

kaplica 2

Выявы апосталаў Пятра і Паўла, што каля алтара, былі ледзь бачнымі. Таму людзі звярнуліся да Станіслава Іванавіча Казака (1963 г.н.), жыхара в. Зубковічы, які меў мастацкую адукацыю, каб ён аднавіў малюнак. Праца была выканана дзесьці ў 1980-я гады. Набажэнствы здзяйсняліся толькі пахавальныя. У 80-90-х гадах мінулага стагоддзя прыязджалі святары з Іўя. У пачатку 1990-х пробашчам у Лаздунах стаў ксёндз Мар’юш Ільяшэвіч. Ён абслугоўваў і адноўленую ў 1992 годзе парафію ў Юрацішках, у склад якой увайшла в. Ятаўтавічы. Кожную нядзелю святар цэлебраваў Імшу ў мясцовай капліцы. Мясцовы жыхар Эдвард Францавіч Валько зрабіў малы алтар, амбону. Было закуплена дывановае пакрыццё на падлогу, пафарбаваны сцены і падлога.

Цяпер тут зноў адбываюцца толькі пахавальныя набажэнствы, а два разы ў год – на ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса і напярэдадні ўспаміну ўсіх памерлых вернікаў – сюды прыязджае пробашч парафіі Перамянення Пана ў Юрацішках і людзі збіраюцца на Імшу.

У святыні захаваўся алтар пачатку ХІХ ст., выкананы ў тэхніцы ілюзіяністычнага жывапісу: малюнкі ствараюць уражанне мармуровых рэльефных калон з шырокай завешанай заслонай. У міжкалоннях – выявы святых Пятра і Паўла. Малюнак расцягнуты на тры сцяны, якія замыкаюць прэзбітэрый.

У цэнтры размешчаны друкаваны абраз Найсвяцейшага Сэрца Езуса, прывезены кс. Збігневам Вакатропам. Да 2001 года на гэтым месцы знаходзіўся абраз Хрыста Балеснага 1755 года, паўтарэнне кампазіцый Vir dolorum (“Муж смутку”) італьянскага жывапісца Бальдасарэ Франчэскіні, вядомага алтарнымі карцінамі для італьянскіх святыняў. Гэты абраз Хрыста Балеснага ўзгадваецца ў вопісе касцёла св. Міхала, які дзейнічаў у Іўі на працягу ХVIII ст. Падчас пажару, які знішчыў гэтую святыню, абраз быў вынесены і захоўваўся ў касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла. Калі ж была ўзведзена капліца ў Ятаўтавічах, ён быў перададзены туды і размешчаны ў алтарнай частцы.

На працягу некалькіх стагоддзяў людзі, наведваючы капліцу, маліліся, скіроўваючы позірк на Збаўцу. А ў першыя гады ХХІ стагоддзя абраз быў скрадзены. Месцазнаходжанне яго па сённяшні дзень не ўстаноўлена.

kaaplica 2

У верхнім ярусе алтара знаходзіцца каляровая літаграфія Маці Божай Вастрабрамскай. На адвароце ёсць надпіс: “11 жніўня 1858 г., для Аўрэліі Р.” Напэўна, Рымашэўскай, уладальніцы маёнтка Ятаўтавічы.

На сценах – алейныя абразы “Бачанне св. Антонія Падуанскага” (пач. ХІХ ст.), св. Антонія з Дзіцяткам (ХХ ст.), св. Мікалая (ХІХ ст.). Цікавай часткай убранства капліцы з’яўляецца шэраг французскіх літаграфій – стацыі Крыжовага шляху першай чвэрці ХІХ ст. Захаваліся і рэшткі “маленькага аргана” (такую назву можна сустрэць у вопісах), але хучэй за ўсё гэта была фісгармонія.

За больш чым два стагоддзі існавання святыня перажыла многае. Прыходзіла ў заняпад, але заўсёды знаходзіліся людзі, неабыякавыя да яе лёсу. І яна зноў паўставала. Ёсць надзея, што сучаснае пакаленне працягне справу сваіх бацькоў і захавае як мага надалей гэтую цікавую сведку мінулага.

Марына Пазняк, старшы навуковы супрацоўнік Іўеўскага музея нацыянальных культур