Skip to main content

Сярэбраны юбілей парафіяльнага касцёла адзначылі ў Азёрах

azery 420 лістапада ў парафіі ў Азёрах (дэканат Гродна-Усход) адзначаліся адпустовая ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету і 25-я гадавіна асвячэння парафіяльнага касцёла.

Урачыстую Імшу ўзначаліў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, канцэлебравалі яе біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і святары. На малітве сабраліся шматлікія вернікі, госці і духавенства. Прысутныя супольна дзякавалі Богу за дар гэтай святыні і за тых, хто прычыніўся да яе ўзвядзення.

Да юбілею касцёла вернікі Азёраў падрыхтаваліся духоўна з дапамогай святых місій, якія правялі з 23 па 30 кастрычніка айцы рэдэмптарысты Андрэй Урублеўскі CSSR i Эдвард Пяцельчыц CSSR. Таксама падрыхтоўкай было правядзенне ў касцёле рамонту і ўстанаўленне новага галоўнага алтара, фундаванага ананімным спонсарам, з абразом Езуса Хрыста Валадара Сусвету, Апекуна святыні.

У гаміліі падчас Імшы арцыбіскуп Кандрусевіч звярнуў увагу, што ў чытанні Евангелля гэтага дня людзі папракаюць і высмейваюць укрыжаванага Хрыста, кажучы, што калі Ён усемагутны, то павінен выбавіць самога сябе.

“Падобнае адбываецца і сёння. Мы пытаемся: Божа, дзе Ты знаходзішся, калі чыніцца несправядлівасць? А Бог адказвае: Я на сваім месцы, Я даў табе закон, паводле якога ты павінен жыць. А ты, чалавек, дзе знаходзішся? Выконваеш закон ці не?” – адзначыў арцыбіскуп, дадаўшы, што прычына зла – у невыкананні Божага закону.

azery 5

Таксама іерарх заўважыў, што гэты фрагмент Евангелля прадстаўляе парадокс: людзі здзекуюцца з укрыжаванага Езуса, а Ён просіць Нябеснага Айца прабачыць ім, бо яны не ведаюць, што робяць, і абяцае неба злачынцу, які каецца ў грахах. Таму Езус на крыжы –прыклад праяўлення Божай міласэрнасці, падкрэсліў арцыбіскуп.

“Прабачэння нельга купіць і прадаць, яно здзяйсняецца тымі, хто гатовы дараваць правіны, – нагадаў ён. – Мы павінны ненавідзець грэх, але любіць грэшнікаў. Гэта самае важнае пасланне свята Хрыста Валадара Сусвету”.

Іерарх дадаў, што мы будуем святыні, каб у іх сценах будаваць жывы Касцёл з чалавечых сэрцаў праз слуханне Божага слова, удзел у сакрамэнтах і іншую рэлігійную дзейнасць.

Па словах арцыбіскупа, ужо 25 гадоў з азёрскага касцёла выплывае вада Божай ласкі, якая ажыўляе душу чалавека, падобна як у Кнізе прарока Эзэхіэля гаворыцца, што са святыні выплывала вада, якая ажыўляла. Колькі за гэты час ласкаў сплыло на людзей, колькі знайшло страчаную надзею, колькі адсюль перайшло на месца вечнага спачынку, ведае толькі Бог, адзначыў іерарх.

Але, як падкрэсліў ён, жыць толькі гісторыяй недастаткова, неабходна ісці наперад і адказваць на выклікі часу, і ў гэтым чалавечых намаганняў мала, патрэбна Божая дапамога, а з Богам мы сустракаемся менавіта ў касцёле.

Арцыбіскуп пажадаў, каб новая старонка гісторыі азёрскай святыні была пазначана паўнатой Божай ласкі, каб парафіяне казалі, як апостал Пётр: “Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы вечнага жыцця”. Ён пажадаў, каб дзякуючы гэтаму касцёлу людзі накіроўвалі позірк на Бога, з дапамогай якога можна будзе будаваць цывілізацыю міру, любові і жыцця, а ў вечнасці прабываць у Яго Валадарстве.

На заканчэнне Імшы пробашч парафіі а. Томаш Ксянжкевіч CMF падзякаваў усім прысутным за ўдзел ва ўрачыстасці і дар супольнай малітвы.

Першы драўляны касцёл у Азёрах быў фундаваны літоўскім князем Вітаўтам у 1397 г., бо Азёры належалі да княскіх уладанняў.

На працягу бурлівай гісторыі на гэтым асвячаным месцы ўзнікла некалькі сакральных будынкаў. Апошнім з гістарычна дакументаваных быў драўляны касцёл Маці Божай Ружанцовай, фундаваны апошнім каралём польскім Станіславам Аўгустам Панятоўскім у другой палове XVIII ст.

Гэты касцёл перанёс, хоць і не без пашкоджанняў, перыяд раздзелаў і ў 20-я гады мінулага стагоддзя быў дзякуючы ахвяраванням парафіян адноўлены ў сваім першапачаковым харастве. У 1925 г. святыня атрымала новы тытул – Хрыста Валадара. На жаль, у час вайны ў 1944 г. яна згарэла разам з іншымі драўлянымі збудаваннямі Азёраў.

З прыбыццём на служэнне ў Гродзенскую дыяцэзію айца кларэтына Станіслава Гаўліка настаў час адраджэння каталіцкай парафіі ў Азёрах. Ён збіраў вернікаў на нядзельнай Імшы на мясцовых могілках, а затым на парослым бярозамі папялішчы касцёла. З самага пачатку паўстала ідэя пабудаваць там новую святыню; быў створаны парафіяльны камітэт на чале з Андрэем Вяржбіцкім, атрымана згода на будаўніцтва і распачаты збор ахвяраванняў.

Дзякуючы найперш ахвяраванням, якія збіраліся не толькі ў Азёрах і наваколлі, але і ў многіх іншых парафіях дыяцэзіі, сродкам, ахвяраваным замежнымі дабрадзеямі, выдатнай дапамозе азёрскага сельскага гаспадарства і іншых спонсараў, з 1994 па 1996 г. быў пабудаваны новы каменны касцёл. Яго будаўнік а. Станіслаў неспадзявана памёр у снежні 1996 г., а яго справу ў наступным годзе завяршыў дасланы з Польшчы айцец кларэтын Ежы Вяжхоўскі CMF.

23 лістапада 1997 г., у адпустовую ўрачыстасць Хрыста Валадара, біскуп Аляксандр Кашкевіч у прысутнасці шматлікага духавенства і запрошаных гасцей, а найперш узрушаных парафіян, асвяціў гэты новы касцёл.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі