Skip to main content

Канцэрт хору “Містэрыум” з нагоды ўспаміну св. Цэцыліі прайшоў у гродзенскім францішканскім касцёле

cecylia 10Напярэдадні ўспаміну св. Цэцыліі, які адзначаецца 22 лістапада, у касцёле Маці Божай Анёльскай у Гродне адбыўся незвычайны канцэрт дзіцячага хору “Містэрыум”. Святая Цэцылія з’яўляецца апякункай касцёльнай музыкі.

У дзень канцэрту шэрагі дзіцячага хору папоўніліся новымі талентамі. Урачыстае прыняцце новых удзельнікаў адбылося на святой Імшы.

Бягучы год быў багатым для гродзенскай францішканскай парафіі на знамянальныя даты, адна з якіх – 20-годдзе з часу стварэння хорыку “Містэрыум”. Яго ўдзельнікі распавялі на канцэрце пра гісторыю стварэння калектыву, выканалі самыя любімыя і папулярныя песні са свайго рэпертуару.

20 гадоў таму сённяшні хор быў школай пры касцёле, у якой усе ахвотныя спявалі на хвалу Бога. У 2008/2009 навучальным годзе ўдзельнікі хорыку доўга думалі над яго назвай. Потым яны вырашылі разгарнуць Біблію і з заплюшчанымі вачыма паставіць палец у якісьці пункт. Там было слова “Misterium”, такім чынам з’явілася назва.

cecylia 7

Потым адбываліся першыя рэпетыцыі, выступленні ў каледжах, калядаванне ў Парэччы, куліч у Адамавічах, карнавалы, спеў на вянчанні, святкаванне дзён нараджэння, гульні, размовы на розныя тэмы, выступленні на Дыяцэзіяльным дні дзіцяці і першыя публічныя выступленні на Імшы ў касцёле. З цягам часу расла колькасць удзельнікаў, пашыраўся рэпертуар.

Вось ужо на працягу 20 гадоў хор “Містэрыум” дорыць радасць усім гасцям і парафіянам касцёла Маці Божай Анёльскай. Звонкія, радасныя дзіцячыя галасы хорыку, якія гучаць на Імшах, парафіяльных урачыстасцях і святах, праз спеў праслаўляюць Бога, Езуса, Марыю і ўсіх святых.

Алена Жэгала

Фота: Павел Ленартовіч