20 лістапада ў капліцы Маці Божай Вастрабрамскай, якая месціцца на тэрыторыі палацава-паркавага комплекса Агінскіх у Залессі (Смаргонскі дэканат), адбылася традыцыйная адпустовая ўрачыстасць у гонар Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Міласэрнасці.
Галоўным цэлебрантам адпустовай Эўхарыстыі быў дэкан Смаргонскага дэканату кс. Антон Казлоўскі, пробашч парафіі св. Юды Тадэвуша ў Вішневе. Гамілію прамовіў кс. Вадзім Сурвіла, пробашч парафій у Войстаме і Данюшаве. Ва ўрачыстасці ўдзельнічалі салезіяне, якія нясуць служэнне ў Залессі: кс. канонік Здзіслаў Вэдэр, кс. Міхал Радзевіч і пробашч парафіі кс. Артур Ляшнеўскі. Таксама прысутнічалі сёстры салезіянкі.
У гаміліі кс. Сурвіла распавёў пра ўзнікненне абраза ў Вострай Браме і яго сімволіку. Святар заклікаў вернікаў быць міласэрнымі, як Марыя: прабачаць, любіць, несці супакой.
Літургію ўпрыгожыў спевам парафіяльны хор са Смаргоні.
На заканчэнне Імшы адбылася тэафарычная працэсія вакол капліцы роду Агінскіх пад гук звана і эўхарыстычных спеваў. Пасля радасна праспяванага “Te Deum” і благаслаўлення вернікаў Залесся павіншавала са святам дырэктар музея палацава-паркавага комплекса Агінскіх.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі