17 лістапада ў будынку Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбыўся дзень засяроджання святароў, якія служаць у Гродзенскай дыяцэзіі. Святары, якія сабраліся ў семінарыйнай капліцы, паслухалі канферэнцыю, удзельнічалі ў адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і ў цэлебрацыі Эўхарыстыі.
З канферэнцыяй “Праца над сабой – фундамент святасці святара” звярнуўся да прысутных а. Анджэй Шчупал CSsR, духоўны айцец святароў Гродзенскай дыяцэзіі.
Рэдэмптарыст падкрэсліў, што кожнаму святару патрэбна пастаяннае і комплекснае ўдасканальванне свайго жыцця на ўзор Хрыста Добрага Пастыра, каб згодна з Яго воляй рэалізоўваць місію збаўлення ў Касцёле.
Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў у межах сустрэчы Імшу з нагоды святкаванай днём раней урачыстасці Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці. Маці Божая Вастрабрамская з’яўляецца галоўнай Апякункай Касцёла на Гродзеншчыне, літургія цэлебравалася ў інтэнцыі ўсіх, хто яго ўтварае.
У гаміліі біскуп нагадаў вельмі глыбокае разважанне пра Маці Міласэрнасці, якое знаходзіцца ў энцыкліцы Яна Паўла ІІ “Dives in misericordia”. Іерарх адзначыў, што Святы Айцец піша там пра два вымярэнні сувязі Марыі з Божай міласэрнасцю.
Па-першае, Марыя сама выключным чынам спазнала Божую міласэрнасць, паўнату Божага прабачэння і ласкі ў таямніцы Беззаганнага Зачацця. Яна стала Сведкай Божай міласэрнасці “з пакалення ў пакаленне” (пар. Лк 1, 50), безумоўнай Божай вернасці ўласнаму запавету, заключанаму з чалавецтвам у асобе Езуса Хрыста.
Другім вымярэннем сувязі Марыі з Божай міласэрнасцю з’яўляецца, па словах біскупа, тое, што Яна стала Маці для ўсіх людзей. Праз Яе пасрэдніцтва на свет сыходзіць Божая міласэрнасць у выглядзе бязмернасці ўсялякіх ласкаў.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што Марыя, якую мы ўшаноўваем як Маці Міласэрнасці, вачыма веры бачачы ў Ёй Пасрэдніцу незлічоных Божых ласкаў, павінна быць асабліва дарагой і блізкай усім святарам.
“Бо кожны з нас пакліканы да таго, каб як слуга і распарадчык Божых таямніц дасягаць давераных нам людзей з дарам Божай міласэрнасці, прабачэння і ласкі”, – дадаў біскуп.
Іерарх адзначыў, што святарам нельга быць абыякавымі да іншых людзей, нячулымі да іх цярпення, праблем і клопатаў, а таксама замыкацца ў сваім святарскім свеце і забываць пра тых, хто хацеў бы пачуць ад іх словы падбадзёрвання і суцяшэння, хто чакае іх блізкасці і разумення і каму часам патрэбна канкрэтная дапамога.
Біскуп заахвоціў святароў аказваць гэтыя блізкасць, дабрыню і чуласць асабліва ў сакрамэнце пакаяння і паяднання.
“У гэтай таямніцы сустрэчы чалавечага ўбоства з Божай міласэрнасцю і прабачэннем мы нярэдка дакранаемся да вельмі балючых, кроватачывых ран чалавечай душы. Менавіта ў сакрамэнце пакаяння нашы вернікі найбольш чакаюць ад нас спачування і чуласці, блізкасці і разумення”, – сказаў іерарх.
Дзень засяроджання святароў завяршыўся супольным абедам і паведамленнямі біскупскай курыі пра падзеі, якія адбудуцца ў дыяцэзіі ў блізкім часе.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі