22 кастрычніка, у літургічны ўспамін св. Яна Паўла ІІ, Папы, у санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) адбылася сустрэча працаўнікоў адукацыі Гродзенскай дыяцэзіі.
Сустрэча распачалася канферэнцыяй “Настаўнік – узор веры, надзеі і любові”. З ёю выступіў кс. канонік Антоні Грэмза, які з 2004 года з’яўляецца душпастырам супольнасці выкладчыкаў, настаўнікаў і выхавацеляў Гродзенскай дыяцэзіі.
Пасля канферэнцыі адбыліся адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і споведзь – сустрэча з Богам і Ягонай міласэрнасцю.
Затым цэлебравалася святая Імша, якую ўзначаліў а. Аляксандр Махнач SchP, пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе (Індустрыяльны). Таксама ў ёй удзельнічалі кс. канонік Юрый Бяганскі, кусташ тракельскага санктуарыя, а. Андрэй Агель SchP, кусташ санктуарыя Маці Божай Фацімскай у Шчучыне і пробашч шчучынскай парафіі св. Тэрэзы Авільскай, і кс. канонік Антоні Грэмза, душпастыр выкладчыкаў, настаўнікаў і выхавацеляў.
Пасля Эўхарыстыі і абеду ўдзельнікі сустрэліся ў дыскусійных групах. Прысутныя мелі магчымасць бліжэй пазнаёміцца і абмеркаваць, як практыкаваць сваю веру, надзею і любоў і дзяліцца імі са сваімі выхаванцамі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі