Skip to main content

У гервяцкі касцёл Святой Тройцы прыбылі копіі цудадзейных абразоў Марыі

gerwiaty 2У велічную неагатычную святыню пачатку ХХ ст. у Гервятах, якая з’яўляецца духоўнай візітнай карткай Астравецкага раёна і адным з самых высокіх касцёлаў у Беларусі, прыбылі копіі цудадзейных абразоў Маці Божай, якія здзяйсняюць перэгрынацыю па розных парафіях.

Копіі абразоў завіталі ў Гервяты ў суботу з суседняй міхалішскай парафіі св. Міхала Арханёла, дзе знаходзіліся на працягу тыдня. Разам з арганізатарамі перэгрынацыі ўшанаваць Нябесную Апякунку прыбылі вернікі са сталіцы.

gerwiaty 6

Вітаючы ў святыні Маці Божую, пробашч парафіі кс. Дзмітрый Леўчык адзначыў, што гэтыя абразы звязаны з рознымі гістарычнымі месцамі нашай краіны. “І таму для нас добрая нагода разам даведацца больш пра разнастайныя вобразы Найсвяцейшай Марыі і праз Яе заступніцтва данесці да Бога нашыя просьбы і падзякі”, – сказаў святар.

Гэтым вечарам святую Імшу ў гервяцкім касцёле ўзначаліў а. Язафат Кунцэвіч ОFM, вікарый парафіі св. Сымона і св. Алены ў Мінску. Разважаючы над словамі Святога Пісання, ён звярнуў увагу на значэнне своечасовага пакаяння для чалавека.

gerwiaty 9

Хрыстус кажа, што Бог міласэрны, таму што кожнаму з нас дае апошні шанец, каб мы маглі пакаяцца, пакуль яшчэ жывем на зямлі, адзначыў святар. “І таму Езус паказвае нам на сваю Маці, каб мы змаглі даручыць Ёй свой цяжар, клопаты і праблемы. А Яна прасіла за нас свайго любага Сына, каб Ён змілаваўся над намі і каб мы, адноўленыя ў Духу і праўдзе, змаглі ісці дарогай да святасці”, – рэзюмаваў айцец Язафат.

Для ўшанавання вернікамі абразы будуць прабываць у Гервятах па 30 кастрычніка.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Віктар Ведзень