14-15 кастрычніка ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Суцяшальніцы засмучаных у Барунах (Ашмянскі дэканат) прайшлі юбілейныя ўрачыстасці з нагоды 100-годдзя з часу вяртання сюды цудадзейнага абраза Багародзіцы.
Духоўная падрыхтоўка да ўрачыстасцяў пачалася яшчэ ў жніўні. Вернікі ўсіх дэканатаў дыяцэзіі пілігрымавалі да славутага ласкамі абраза, удзельнічалі ў Імшы і мелі магчымасць індывідуальнай малітвы ў санктуарыі, маглі пазнаёміцца з багатай гісторыяй абраза і святыні.
Больш за 330 гадоў вернікі узносяць малітвы і падзякі перад невялікай выявай Маці Божай, вядомай пад тытулам Суцяшальніцы засмучаных. Як даўней, так і сёння па шчырых малітвах Панна Марыя выслухоўвае сваіх дзяцей і дапамагае ім у розных патрэбах. Некалькі разоў абраз пакідаў святыню і Баруны, але Маці Божая заўсёды вярталася ў гэтае месца, якое выбрала сама. Апошняе вяртанне абраза ў Баруны было 100 гадоў таму, 15 кастрычніка 1922 г.
Галоўная цэлебрацыя ў межах урачыстасцяў пачалася 15 кастрычніка апоўдні. На святкаванні сабралося шмат пілігрымаў.
Усіх прысутных прывітаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх заахвоціў усіх падзякаваць Богу праз цэлебрацыю Найсвяцейшай Ахвяры за цудоўную спадчыну веры i за нашу багатую гісторыю.
“Хочам сёння дзякаваць за дар суцяшэння ў розных пакутах, якія перажывалі незлічоныя пакаленні вернікаў, што прасілі заступніцтва Марыі”, – дадаў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне.
Іерарх прывітаў арцыбіскупа эмерыта Тадэвуша Кандрусевіча, біскупа Віцебскага Алега Буткевіча, дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандра Яшэўскага SDB, Апостальскага візітатара для беларускіх грэка-католікаў архімандрыта Сяргея Гаека, шматлікіх гасцей і пілігрымаў з розных куткоў Беларусі і з-за мяжы.
Перад літургіяй адбылося благаслаўленне новага звона-сігнатуркі, у які б'юць на пачатак Імшы і іншых набажэнстваў, фундаванага з нагоды 100-годдзя вяртання абраза. Благаслаўленне здзейсніў біскуп Аляксандр Яшэўскі.
Эўхарыстыю ўзначаліў біскуп Алег Буткевіч, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Гамілію прамовіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Арцыбіскуп нагадаў гісторыю прыбыцця цудадзейнага абраза ў Баруны. Ён падкрэсліў, што назва “Баруны” паходзіць ад слова “бор”, хваёвы лес; такі лес вельмі добры для лячэння ад хваробаў лёгкіх, таму ў ім будуюць санаторыі. А Баруны, як дадаў іерарх, больш за тры стагоддзі таму сталі духоўным санаторыем, у якім праз заступніцтва Суцяшальніцы засмучаных людзі атрымліваюць шчодрыя ласкі.
Таксама арцыбіскуп дадаў, што пасля забароны царскай уладай манаскіх ордэнаў базыліянскі кляштар у Барунах быў ліквідаваны, цудадзейны абраз вывезлі, а ў 1922 г. ён трыўмфальна вярнуўся. Па словах іерарха, Божая Маці сцерагла гэтае месца ў часы ганенняў на веру: у наваколлі ўсе касцёлы былі зачыненыя, а барунскі дзейнічаў і ў ім быў святар.
Іерарх адзначыў, што тры дзесяцігоддзі таму пачалося адраджэнне барунскага санктуарыя, ён становіцца ўсё больш вядомым з пункту гледжання яго гісторыі і культу Маці Божай. “На Яе людзі ўскладаюць надзею ў сённяшні складаны час з яго маральнымі і грамадскімі паталогіямі. Мы не можам быць абыякавымі да іх, бо гэта будзе здрадай Богу і хрысціянству. Мы адказныя за наш лёс і лёс сучаснага свету. Хто дапаможа? Да каго звяртацца? У кім надзея? Касцёл указвае на Марыю, мы павінны браць прыклад з Яе, бо згода з Божай воляй – ключ да будавання шчаслівага жыцця на зямлі і дасягнення вечнага шчасця ў небе”, – сказаў арцыбіскуп.
Пры гэтым, па яго словах, трэба памятаць, што “толькі прачытаная праўда аб збаўленні нас не збавіць, неабходна ёю жыць; адкідванне Бога вядзе да жыцця без маральных нормаў”. Іерарх падкрэсліў, што жывую ваду Божай ласкі чалавек атрымлівае ў сакрамэнтах.
Арцыбіскуп звярнуўся да Маці Божай Барунскай у малітве, просячы ў сённяшні складаны час быць прытулкам і надзеяй, дапамагаць людзям ствараць у сваіх сэрцах Яе вобраз праз пакаянне і справы міласэрнасці, дапамагаць вызваліцца ад граху і залежнасцяў і заўсёды выбіраць Бога.
На заканчэнне святкаванняў пробашч барунскай парафіі і кусташ санктуарыя кс. Павел Паўлюкевіч падзякаваў прысутным за шматлікі ўдзел і запрасіў прыязджаць сюды да Маці Божай, якая, па яго словах, заўсёды суцешыць і дасць надзею, патрэбную, каб ісці шляхамі жыцця.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Віктар Ведзень