Skip to main content

За а. Леанарда Цеханоўскага ў гадавіну смерці памаліліся ў Гудагаі

gadawina 913 кастрычніка ў санктуарыі Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі (Астравецкі дэканат) маліліся за а. Леанарда Цеханоўскага OCD у першую гадавіну яго смерці.

Святую Імшу ў інтэнцыі кармэліта, які адышоў у вечнасць год таму і апошнія 20 гадоў служыў на Астравеччыне ў гудагайскай парафіі i парафіі св. Андрэя Баболі ў Градоўшчыне, узначаліў настаяцель манаскай супольнасці ў Гудагаі а. Юрый Находка OCD.

На Эўхарыстыі, падчас якой асаблівa дзякавалі Богу за дар гэтага святара, яго адданае і вернае служэнне, сабраліся вернікі парафіі і духавенства Астравецкага дэканату.

gadawina 1

Айцец Леанард Цеханоўскі нарадзіўся 6 лістапада 1957 г. у Браньску на тэрыторыі сённяшняй Дрогічынскай дыяцэзіі (Польшча). Пасля заканчэння школы паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Ломжы, дзе прайшоў двухгадовае вывучэнне філасофіі і аднагадовае тэалогіі (1976-1979).

Распазнаўшы пакліканне, уступіў у красавіку 1984 г. у Ордэн кармэлітаў босых. Пасля навіцыяту прынёс 8 красавіка 1985 г. першыя манаскія абяцанні. Далейшае вывучэнне тэалогіі праходзіў у Вышэйшай духоўнай семінарыі кармэлітаў босых у Кракаве.

19 сакавіка 1988 г. прынёс вечныя манаскія абяцанні і прыняў пасвячэнне дыяканату, 1 чэрвеня 1988 г. – прэзбітэрскае пасвячэнне.

У 1988-1989 гадах быў катэхетам у Кракаве, затым у 1989-1990 гадах – у Клюшкоўцы. Наступныя шэсць гадоў працаваў у Вроцлаве, дзе быў катэхетам, вікарыем парафіі і эканомам кляштара.

У 1996 г. стаў настаяцелем новай фундацыі кармэлітаў босых у Гарзендзеі, дзе пэўны час выконваў таксама функцыі магістра пастулантаў.

У красавіку 2001 г. выказаў сваім настаяцелям жаданне паехаць у Беларусь. Служыў у Гудагаі з 2001 г. да смерці – 13 кастрычніка 2021 г.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: с. Вера Кучук