2 кастрычніка ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях адбылася святая Імша ў інтэнцыі людзей, якія ахвяравалі воты – сярэбраныя сэрцы – у знак таго, што ў гэтым санктуарыі атрымалі чаканае суцяшэнне і ласкі.
Воты размясцілі на сцяне каля цудадзейнага абраза.
Імшу цэлебраваў кусташ санктуарыя кс. канонік Юрый Бяганскі.
Гісторыя славутага ласкамі абраза Маці Божай Каралевы нашых сем’яў пацвярджае актыўны ўдзел Панны Марыі ў адкупленні людзей праз няспыннае заступніцтва і мацярынскае пасрэдніцтва перад сваім Сынам Езусам Хрыстом ва ўдзяленні ласкаў.
Прысутнасць Марыі вернікі адчуваюць і ў хвіліны радасці, і ў смутку, і калі дасягаюць поспеху, і калі церпяць няўдачы або няшчасці. Марыя, як Маці, заўсёды побач, каб дапамагчы. Святы Бернард казаў: “У сумненнях падумай пра Марыю, пакліч Марыю! Бо калі пра Яе думаеш, ніколі не памылішся”.
“У тракельскім санктуарыі Марыя заўсёды вас чакае, Яна выбрала гэтае месца, каб быць бліжэй да кожнага з нас, каб нам дапамагаць, – адзначыў кусташ санктуарыя, звяртаючыся на Імшы да прысутных. – Вы заўсёды можаце прыйсці да нашай Маці і перад Яе цудадзейнай выявай прасіць аб дапамозе, апецы, парадзе ў цяжкіх справах, а Яна, як любячая Маці, заўсёды выслухае і дапаможа”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі