Skip to main content

Неапрэзбітэр Марк Найдзіч SDB цэлебраваў прыміцыйную Эўхарыстыю ў роднай парафіі ў Смаргоні

neaprezbiter 511 верасня ў парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні адбылося сапраўднае свята. Парафіянін гэтай супольнасці кс. Марк Найдзіч SDB, які нядаўна атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне, цэлебраваў прыміцыйную Імшу.

Першыя крокі веры і салезіянскага паклікання неапрэзбітэр рабіў менавіта ў гэтай парафіі. Тут ён прыняў хрост, першую Камунію, быў міністрантам, гітарыстам моладзевага гурта, салезіянскім аніматарам.

Парафіянам, якія ведаюць яго не першы год, было вельмі прыемна бачыць яго ў святарскіх шатах у якасці галоўнага цэлебранта найсвяцейшай Ахвяры.

На свята прыбылі родныя, блізкія, сябры неапрэзбітэра, святары і законныя сёстры. Галоўным госцем быў кс. Павел Шчарбіцкі SDB, які з нядаўняга часу спаўняе функцыю дэлегата Рэлігійнай каталіцкай місіі св. Францішка Сальскага ў Беларусі.

Літургічнае дзеянне пачалося благаслаўленнем, удзеленым прыміцыянту яго бацькамі, якія, чынячы знак крыжа над сынам, далі яму ў руку драўляны крыж – знак цярпення разам з Хрыстом.

neaprezbiter 9

Прыміцыянт у працэсіі пад гук касцёльнага звана ўвайшоў у святыню. Падчас працэсіі гучала мелодыя спеву “Пан, калі ішоў узбярэжжам” у выкананні трубача.

Ксёндз Павел прамовіў гамілію, у якой падкрэсліў важнасць чалавечых адносін і прабачэння.

Пасля Імшы дэлегацыі салезіянаў, моладзі і парафіянаў выказалі прыміцыянту віншаванні і цёплыя словы.

Кс. Артур Ляшнеўскі SDB