3 верасня ў мінскай парафіі св. Яна Хрысціцеля дыякан Марк Найдзіч SDB, які паходзіць з парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні, прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне. Сакрамэнт удзяліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.
Як паведамляе sdb.by, на ўрачыстасці сабралася ўся салезіянская сям’я Беларусі: святары салезіяне, сёстры салезіянкі, салезіяне супрацоўнікі. Прысутнічалі святары з іншых манаскіх супольнасцяў, родныя і сябры неапрэзбітэра, шматлікія вернікі.
З уступным словам да прысутных звярнуўся рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі кс. Павел Шчарбіцкі SDB.
Біскуп Аляксандр у сваю чаргу адзначыў, што вельмі ўзрушаны, бо ведае Марка з часоў, калі той яшчэ быў хлопчыкам і служыў ля алтара ў якасці міністранта. Іерарх дадаў, што гэтую Імшу ахвяруе асабліва за будучага святара.
Дэлегат зачытаў жыццярыс Марка Найдзіча і яго шлях падрыхтоўкі да пасвячэння, а затым засведчыў перад біскупам і народам, што супольнасць лічыць дыякана годным прэзбітэрскага пасвячэння.
Біскуп у гаміліі засяродзіў увагу на святарстве. Ён адзначыў, што гэта таямніца, у якой недасканалы чалавек мае моц дзейнічаць ад імя Хрыста; менавіта праз святара Езус працягвае дзеянне Адкуплення, і святар у гэты час з’яўляецца прывілеяваным інструментам, у сваёй свабодзе з’яднаным з Езусам.
Іерарх падкрэсліў адказнасць, якую бярэ на сябе святар: “Прыняцце сакрамэнту пасвячэння патрабуе святасці. Гэтыя словы, магчыма, пададуцца многім занадта строгімі, але паміж святаром і сумленным чалавекам павінна быць такая ж розніца, як паміж небам і зямлёй. Гэта патрабаванне дасканаласці ў наследванні нашага Пана, “Tu solus sanctus” (толькі Ты святы), патрабаванне святасці, якое ў першую чаргу звязана са святарствам, з Ахвярай, якую кожны дзень ты, дыякан Марк, будзеш прыносіць Богу, праслаўляючы Яго”. Па словах біскупа, каб дасягнуць такой святасці, неабходна мець блізкі кантакт з Богам, маліцца штодзённа і так, каб малітва была апостальствам.
Іерарх нагадаў, што адным з галоўных правіл для святара павінна быць любоў, любоў да Бога, якая будзе адлюстроўвацца на людзей. Ён адзначыў, што святар набліжаецца да людзей, каб даць, а не атрымаць, і адметнасць святара – аддаваць сябе дарэшты.
“Няхай Найсвяцейшая Панна, якая дала нам Найвышэйшага Святара, будзе побач з табою кожны раз, калі ты падымаешся да алтара! Няхай Яна, Маці святароў, будзе побач з табою ў кожнай тваёй святарскай дзейнасці, іншымі словамі, у кожную хвіліну твайго жыцця! Няхай Яна навучыць цябе ўсім таямніцам нашага Пана, Яна, якая з’яўляецца Пасрэдніцай усіх ласкаў, і няхай у гэтай блізкасці дапаможа табе ўдзельнічаць у гэтым дары ласкі, у перадачы ласк для збаўлення душаў сёння, каб праслаўляць Бога сёння і заўсёды!” – пажадаў біскуп дыякану ў канцы гаміліі.
Дыякан выказаў намер выконваць абавязкі святара згодна з навукай Хрыста і Касцёла, падышоў да біскупа і ўклаў складзеныя рукi ў яго далоні, што падкрэслівае поўнае адданне сваёй волі ў рукі Маці-Касцёла. Затым кандыдат да пасвячэння лёг перад алтаром, а ўсе прысутныя памаліліся Літанiяй да ўсіх святых, просячы аб заступніцтве для яго. Біскуп усклаў рукі на галаву кандыдата, пасля гэты жэст паўтарылі ўсе прысутныя святары: ён азначае перадачу таму Духа Святога. Іерарх прамовіў кансэкрацыйную малітву, пасля чаго Марк Найдзіч SDB, ужо прэзбітэр, апрануў стулу і арнат і заняў месца сярод сваіх сабратоў каля алтара, каб упершыню ўдзельнічаць у цэлебрацыі Эўхарыстыі.
Пасля Імшы прысутныя павіншавалі новага святара. Ксёндз Марк падзякаваў Богу за дар паклікання, бацькам і родным – за выхаванне ў праўдах веры, біскупу – за ўдзелены сакрамэнт, выказаў падзяку таксама сабратам салезіянам, якія дапамагалі і выхоўвалі яго падчас фармацыі, сёстрам салезіянкам і ўсёй салезіянскай сям’і, сябрам і моладзі.