З 22 па 27 жніўня ў кляштары кармэлітаў босых у Мядзелі адбыліся рэкалекцыі для законных сясцёр. Удзел у духоўных практыкаваннях прынялі сёстры з Бярозы, Смаргоні, Бабруйска і Мінска.
Узначаліў рэкалекцыі пробашч парафіі Божага Цела ў Мінску а. Юрый Кулай OCD.
“Быць сведкамі ўваскрасення” – такой была агульная тэма рэкалекцый. На працягу гэтых дзён сёстры збіраліся на супольную Эўхарыстыю, Літургію Гадзінаў, удзельнічалі ў духоўных канферэнцыях і адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Быў таксама час для асабістага разважання, лектуры і адпачынку.
Акрамя таго, сёстры наведалі мядзельскую Кальварыю, дзе ўдзельнічалі ў набажэнстве Крыжовага шляху і ў Эўхарыстыі на Гары Крыжоў.
Прыгажосць мядзельскага краю спрыяла духоўнай засяроджанасці і медытацыі з мэтай аднаўлення ў сабе духоўнага жыцця і ўмацавання ў манаскім пакліканні.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі